
Самалёт дрыжаў ад вiбрацыi, гатовы ўзляцець. Барк апошнi раз абвёў вачыма бязмежную пустэльню вакол Кап-Джубi. Каля двухсот маўраў сабралася ля самалёта, каб пабачыць, якi выраз твару набывае раб на парозе новага жыцця. Калi б толькi здарылася вымушаная пасадка, яны б адправiлi яго куды далей.
На развiтанне мы махаем рукамi нашаму пяцiдзесяцiгадоваму нованароджанаму, трошкi ўсхваляваныя гэтым адпусканнем яго ў свет.
- Бывай, Барк!
- Не!
- Як - не?
- Не. Я Магамет бен Лаўсiн!
Апошнiя весткi пра яго мы атрымалi ад араба Абдалы, якi па нашай просьбе суправаджаў Барка да Агадзiра.
Аўтакар адпраўляўся толькi вечарам, Барк, такiм чынам, меў у сваiм распараджэннi цэлы дзень. Спярша ён так доўга i моўчкi блукаў па маленькiм гарадку, што Абдала заўважыў ягоную ўстрывожанасць i здзiвiўся:
- Што з табой?
- Нiчога...
Барк разгубiўся ад гэтай раптоўнай, бязмежнай волi i яшчэ не адчуваў, што ўваскрэс. Яго перапаўняла глухое шчасце, але за гэтым шчасцем ён не выяўляў у сабе нiякiх перамен, сёння ён - усё той жа Барк, што i ўчора. Аднак цяпер ён нароўнi з iншымi людзьмi дзялiў i гэтае сонца, i права сесцi тут, пад гэтай павеццю арабскага кафэ. Ён сеў. Ён заказаў чаю Абдале i сабе. Гэта быў яго першы ўчынак валадара, а не раба, i гэтая ўлада павiнна была пераўтварыць яго. Але афiцыянт налiў яму чаю без усялякага здзiўлення, нiбыта гэта быў сама звычайны ўчынак. Ён не адчуваў, што, налiваючы гарбату, ганаруе вольнага чалавека.
- Пойдзем адсюль, - сказаў Барк.
Яны паднялiся да Касбе - квартал гэты пануе над Агадзiрам.
Да iх падышлi зграбненькiя берберскiя танцоўшчыцы. Яны выказвалi столькi прыручанай лагоды, што Барк адразу акрыяў, яму здалося - самi таго не ведаючы, яны вiталi яго вяртанне да жыцця. Яны ўзялi яго за руку i прапанавалi чаю але гэтак жа ветла i сардэчна прынялi б яны i любога iншага. Барку захацелася расказаць iм пра сваё адраджэнне. Яны слухалi i пяшчотна ўсмiхалiся. Яны радавалiся таму, што быў рады ён. Каб канчаткова заваражыць iх, ён дадаў: "Я Магамет бен Лаўсiн". Але гэта iх не ўразiла. У кожнага чалавека ёсць iмя, i шмат хто вяртаецца богведама адкуль...
