Ён зноў пацягнуў Абдалу ў горад. Ён сноўдаўся каля жыдоўскiх крамак, i глядзеў на мора, i думаў, што вось ён можа пайсцi ў любым накiрунку, што ён вольны... Але гэтая воля прыносiла яму горыч: яна выявiла, у якой ступенi не хапала яму повязяў са светам.

Мiма праходзiла дзiця. Барк ласкава пагладзiў яго па шчацэ. Дзiця ўсмiхнулася. Гэта быў не гаспадарскi сынок, перад якiм трэба лiслiвiць. Гэта быў нечы заморак, якому Барк аддаваў сваю шчырую ласку. I хлапчанятка ўсмiхнулася. Менавiта гэтае хлапчанятка абудзiла Барка да жыцця, яно ўсмiхнулася - i вось Барк адчуў, што пачынае нешта значыць у гэтым свеце. Нешта стала праясняцца, i ён закрочыў упэўнена i хутка.

- Што ты шукаеш? - пытаўся Абдала.

- Нiчога, - адказваў Барк.

Але калi на рагу адной з вулiц ён натыкнуўся на чародку дзятвы, занятай гульнёй, ён спынiўся. Вось яно. Ён моўчкi паглядзеў на iх. Потым кiнуўся да жыдоўскiх крамак i вярнуўся з бярэмем пакункаў. Абдала ўзлаваўся:

- Дурню, паберажы грошы!

Але Барк ужо нiчога не чуў. Ён урачыста, па аднаму, падзываў да сябе дзяцей, i маленькiя ручаняты пацягнулiся да цацак, бранзалетак i вышываных золатам пантофлiкаў. I кожнае дзiця, завалодаўшы сваiм скарбам, адразу ж дзiкавата ўцякала.

Але на змену iм набеглi iншыя агадзiрскiя дзецi: Барк апрануў i iх у залатыя пантофлiкi. Вестка пра гэта маланкава разнеслася па ўскраiнах Агадзiра, i вось ужо ўся чыста дзятва ўсхапiлася на ногi i з воклiчамi рынулася да чорнага бога i, тузаючы яго бедную апратку раба, запатрабавала сваю долю. Барк абанкручваўся. На думку Абдалы, Барк "ад радасцi звар'яцеў". Але, па-мойму, справа не ў тым, што Барк хацеў падзялiцца лiшкам уласнай радасцi.

Ён быў вольны i таму валодаў сама галоўным, сама дарагiм - правам быць любiмым, правам iсцi ў любым накiрунку i зарабляць свой хлеб сваёй працай.



69 из 122