
Кожны з маiх таварышаў адчуў аднойчы сходным ранкам, як у iм, уразлiвым падначаленым, яшчэ залежным ад настрою iнспектара, нараджаецца чалавек, адказны за гiшпанскую i афрыканскую пошту, нараджаецца той, хто трыма гадзiнамi пазней, жагнаны блiскавiцамi, твар у твар сутыкнецца з драконам Аспiталета... хто, адолеўшы яго, яшчэ праз чатыры гадзiны, па сваёй волi, маючы ўсе правы i магчымасцi, прыме рашэнне вяртацца назад альбо цераз мора, альбо пайсцi напрасткi на штурм горных масiваў Алькоя, хто будзе весцi перагаворы i з бурай, i з гарой, i з акiянам.
Кожны таварыш гэтаксама, як я, змяшаўшыся з безыменным натоўпам пад пахмурым зiмнiм тулузскiм небам, адчуў у такi ранак, як расце ў iм валадар, якi праз пяць гадзiн, пакiнуўшы далёка за сабою дажджы i завiрухi поўначы, выракшыся зiмы, памяншаючы абароты вiнтоў, пачне сваё прызямленне ў асляпляльную сонечнасць лета Алiкантэ.
Таго старога омнiбуса даўно няма, але ягоная суровасць, ягоная няўтульнасць дагэтуль жывуць у маёй памяцi. Ён выдатна сiмвалiзаваў адпаведную падрыхтоўку да суровых радасцей нашага рамяства. Усё тут набывала ўражлiвую стрыманасць. Помню, як тры гады таму, я, хоць не было вымаўлена i дзесятка слоў, даведаўся тут пра гiбель лётчыка Лекрывэна, аднаго з сотнi таварышаў па авiялiнii, якiя ўдзень цi туманнай ноччу ўзялi свой водпуск навекi.
Таксама было тры гадзiны ранку, панавала гэткая ж цiшыня, калi мы пачулi, як дырэктар, нябачны ў змроку, падаў голас iнспектару:
- Лекрывэн не прызямлiўся ўначы ў Касабланцы.
- А! - адгукнуўся iнспектар. - А?
Нечакана выхаплены з плынi дрымоты, ён устрапянуўся, каб канчаткова ачнуцца, каб паказаць сваю зацiкаўленасць, i дадаў:
- А! Праўда? Не ўдалося прайсцi? Ён вярнуўся назад?
На што ў глыбiнi омнiбуса толькi адказалi: "Не". Мы чакалi працягу, але болей не было прамоўлена нi слова. Адна за адной падалi секунды, i з цягам рабiлася ўсё вiдавочней, што да гэтага "не" не дадасца нiводнае слова, што гэтае "не" беззваротнае, што Лекрывэн не проста не прызямлiўся ў Касабланцы, а што ён ужо нiколi i нiдзе не прызямлiцца.
