Вось гэтак i я тым ранкам, на зары майго першага паштовага палёту, у сваю чаргу падвяргаўся свяшчэнным рытуалам майго рамяства, i, гледзячы праз акно на блiскучы асфальт, дзе люстравалiся вулiчныя лiхтары, я адчуваў, як упэўненасць пакiдае мяне. Было вiдаць, як ад ветру на лужынах трапяталi буйныя пальмавыя лiсты. I я думаў: "Як на мой першы палёт... сапраўды, не дужа мне шанцуе..." Я ўзняў вочы на iнспектара: "Кепскае надвор'е, праўда?" Iнспектар кiнуў за акно стомлены позiрк. "Гэта яшчэ нiчога не азначае", - памаўчаўшы, буркнуў ён. I я стаў прыгадваць, па якiх прыкметах распазнаецца кепскае надвор'е. Напярэдаднi вечарам Гiёмэ адной усмешкай сцёр усе нядобрыя веставаннi, якiмi прыгняталi нас "старыя", а цяпер у маёй памяцi зноў усплыло: "Шкада мне таго, хто не вызубрыў трасу да апошняга каменьчыка i трапляе ў буран... Шкада мне яго!.." Iм трэба было падтрымлiваць свой аўтарытэт, i яны пахiтвалi галовамi, разглядваючы нас з нейкiм бянтэжлiвым спачуванвем, быццам яны аплаквалi нашу прастачую наiўнасць.

I сапраўды, колькiм ужо з нас гэты омнiбус паслужыў апошнiм прытулкам? Шасцiдзесяцi? Васьмiдзесяцi? Каго аднойчы дажджлiвым ранкам маўклiвы шафёр адвёз назаўжды. Я агледзеўся: наўкол у змроку свяцiлiся iскрыстыя кроплi, цыгарэты яшчэ больш падкрэслiвалi глыбокую засяроджанасць. Мiзэрную засяроджанасць старэючых службоўцаў. Колькiм з нас гэтыя спадарожнiкi паслужылi пахавальным картэжам?

Да мяне даляталi цiхiя, упаўголасу, размовы. Гаворкi пра хваробы, грошы, сумныя хатнiя турботы. За ўсiм гэтым паўставалi сцены змрочнай турмы, у якой былi замкнёны гэтыя людзi. I раптам я ўбачыў воблiк лёсу.

Стары службовец, мой сённяшнi сусед у омнiбусе, нiхто i нiколi ўжо не змусiць цябе вырвацца з твайго палону, i ты зусiм не вiнаваты ў гэтым.



8 из 122