- Выскоквайце! Хутчэй!

- Згарым! - усклiкнуў ён.

I мы кульнулiся праз вырванае акно. Спынiлiся толькi метраў за дваццаць.

- Вы цэлы? - пытаюся ў Прэво.

- Цэлы! - адказвае ён.

Але чамусьцi трэ калена.

- Паскачыце, пабегайце, прысягнiце, што ў вас нiчога не зламана! - прашу я.

А ён у адказ:

- Нiчога, гэта аварыйная помпа...

Мне мроiлася, што ён вось-вось рассыплецца, развалiцца напалам, а ён, утаропiўшыся ў адну кропку, усё паўтараў:

- Гэта аварыйная помпа!..

"Ён звар'яцеў, - падумаў я, - зараз пусцiцца ў скокi..."

Але, адарваўшы вочы ад самалёта, якi нарэшце перастаў гарэць, ён паглядзеў на мяне i паўтарыў:

- Нiчога, гэта аварыйная помпа ўдарыла мяне па калене.

3

Проста неверагодна, што мы засталiся жывыя. З электрычным лiхтарыкам у руцэ iдзём па следзе самалёта на зямлi. Ужо праз дзвесце пяцьдзесят метраў ад таго месца, дзе ён спынiўся, натыкаемся на пакарэжанае жалезнае ламачча абшыўкi, расшпурлянае ўздоўж усяго шляху машыны па пяску. Удзень мы ўбачым, што мы амаль па датычнай наткнулiся на спадзiсты адхон вяршынi нейкага пустыннага плато. У месцы сутыкнення яма ў грунце нагадвае яму ад плуга. Самалёт, не перавярнуўшыся, як нейкая рэптылiя, пузам праклаў сабе дарогу, памагаючы яраснымi рухамi хваста. Поўз на хуткасцi дзвесце семдзесят кiламетраў у гадзiну. Несумненна, мы абавязаны жыццём гэтым чорным, круглым, падатлiвым камяням, якiя ляжалi тут, нiбы шары на бiльярдным стале.

Прэво адключае акумулятары, каб часам не ўзнiк пажар ад кароткага замыкання. Я прыпiраюся да матора i прыкiдваю: усе чатыры гадзiны пятнаццаць хвiлiн лёту на мяне дзейнiчала сiла ветру з хуткасцю ў пяцьдесят кiламетраў у гадзiну, мяне сапраўды ўвесь час пагойдвала. Але, можа, ён дзьмуў не так, як нам прадказвалi, а мяняўся - а хто ведае, у якiм кiрунку. Значыць, вызначыць, дзе мы знаходзiмся, можна з дакладнасцю кiламетраў у чатырыста...



80 из 122