Прэво сядае побач i кажа:

- Проста неверагодна, што мы жывыя...

Я маўчу i не адчуваю нiякай радасцi. Мяне працяла адна подумка i ўжо не дае спакою.

Прашу Прэво запалiць свой лiхтарык, каб ён служыў мне маяком, а сам са сваiм лiхтарыкам у руцэ адыходжу. Iду напрамкi ўперад, уважлiва гляджу пад ногi. Крочу нетаропка, раблю шырокi паўкруг, зноў i зноў мяняю кiрунак. Я пiльна ўзiраюся долу - гэтак шукаюць згублены пярсцёнак. Зусiм нядаўна я вось гэтак шукаў на зямлi жывую iскрынку. Я iду ўсё далей i далей у цемрадзь, схiлiўшыся над белым колам, якое вяду з сабою. Значыць, сапраўды... Значыць, сапраўды... Павольна вяртаюся да самалёта. У роздуме сядаю ля кабiны. Я шукаў хоць якую-кольвечы зачэпку для надзеi. I не знайшоў яе. Я шукаў хоць якую-кольвечы адмету жыцця, але жыццё не падало мне анiякага знаку.

- Прэво, я не бачыў нi калiўца травы...

Прэво маўчыць, i я не ведаю, цi зразумеў ён мяне. Мы яшчэ пагаворым пра гэта, калi заслона будзе паднята, калi настане дзень. Нiчога не адчуваю, адну толькi страшэнную стому, i думаю: "Апынуцца пасярод пустынi, калi арыентуешся з дакладнасцю да чатырохсот кiламетраў..." Я рыўком ускокваю на ногi:

- Вада!

Бакi з гаручым, бакi з маслам прабiты. Нашы запасы вады таксама выцеклi. Пясок выпiў усё. Знаходзiм прадзiраўлены тэрмас, у iм уцалела з паўлiтра кавы, на дне другога - з чвэрць лiтра белага вiна. Працэджваем гэтае пiтво i злiваем у адзiн посуд. Яшчэ знайшлiся некалькi гронак вiнаграду i адным-адзiны апельсiн. I я прыкiдваю: "Гэтага недстаткова i на пяць гадзiн шляху па спякотнай пустынi..."



81 из 122