
I я ўжо не наракаю на слотны вецер. Чары майго рамяства разнасцежваюць перада мною свет, дзе гадзiны праз дзве я твар у твар сутыкнуся з чорнымi драконамi i вяршынямi ў кароне сiнiх блiскавiц, дзе з надыходам ночы я вольны буду чытаць свой шлях па зорах.
Гэтак адбывалася наша баявое хрышчэнне, i мы адпраўлялiся ў дарогу. Гэтыя падарожжы часцей за ўсё заканчвалiся без прыгод. Мы спакойна, як прафесiянальныя плыўцы, ныралi ў глыбiнi нашых уладанняў. Сёння яны добра асвоены. Лётчык, механiк i радыст ужо не адпраўляюцца наўздагады, самалёт для iх - лабараторыя. Яны падначальваюцца гульнi стрэлак прыбораў, а не зменам краявiду. На даляглядзе ў змроку ўзнiклi горы, але цяпер яны перасталi ўжо быць гарамi. Цяпер гэта нябачныя сiлы, наблiжэнне якiх трэба вылiчыць. Радыст пры святле лямпачкi засяроджана занатоўвае лiчбы, механiк робiць значкi на карце, i лётчык выпраўляе курс, калi горы аднесла ўбок, калi вяршынi, якiя меркавалася абысцi злева, раптам моўчкi, у таемнасцi баявых прыгатаванняў развярнулiся проста перад iм.
А на зямлi дзяжурныя радысты, прыслухоўваючыся да голасу таварыша, усе разам засяроджана запiсваюць у свае журналы: "Нуль гадзiн сорак хвiлiн. Курс 230. На борце ўсё ў парадку".
