
З учарашняга дня я прайшоў кiламетраў з восемдзесят. Гэта, безумоўна, ад смагi ў мяне кружыцца галава. Цi, можа, ад сонца? Яно так зiхацiць на гэтых, нiбы нацёртых маслам, абломках, акамянелых камлях. На гэтым панцыры сусвету. Тут няма ўжо нi пяску, нi лiсаў. Гэта нейкае валатоўскае кавадла. I я брыду па гэтым кавадле. I сонца гулкiм молатам б'е мяне па галаве. Ах, вунь там...
- Э-гей! Э-ге-гей!
"Там нiкога няма, супакойся, ты трызнiш".
Так я ўгаворваю самога сябе, бо трэба апамятацца. Мне так цяжка не верыць сваiм вачам. Так цяжка ўтрымацца, каб не кiнуцца да таго каравана, што iдзе... вунь там... бачыш!..
- Дурню, ты яго проста выдумаў, ты i сам гэта ведаеш...
- У такiм разе, усё на свеце падман...
Усё на свеце падман, апрача гэтага крыжа за дваццаць кiламетраў ад мяне на вяршынi ўзгорка. Таго крыжа цi маяка...
Але ж мора не ў тым баку. Значыць, гэта крыж. Я цэлую ноч вывучаў карту. Марная работа, невядома ж, дзе мы. Але я прыпадаў да ўсiх паметак, якiмi абазначалася прысутнасць чалавека. I ў адным месцы натыкнуўся на маленькi кружок з гэткiм жа крыжам. Прагледзеў умоўныя абазначэннi на палях: царква, мiсiя цi манастыр. Побач з крыжам мелася чорная кропка. Зноў паглядзеў на палi: пастаянны калодзеж... Сэрца маё закалацiлася, i я голасна перачытаў: "Пастаянны калодзеж... Пастаянны калодзеж!" Хiба Алi-Баба i ўсе ягоныя скарбы могуць iсцi ў параўнанне з адным пастаянным калодзежам? Трошкi воддаль я заўважыў два белыя кружочкi. На палях значылася: "Часовы калодзеж". Гэта было ўжо не так дзiвосна. А за гэтай паметкай не мелася ўжо нiчога болей. Анiчога.
