
Што гэта - гульня? Можа, ён адмаўляецца наталiць голад адразу, каб падоўжыць асалоду сваёй ранiшняй прагулянкi? Наўрад. Гульня занадта разумная, яе дыктуе неабходнасць. Калi фенэк накiнецца на першы ж нагабаны кусцiк, ён за два-тры сняданкi знiшчыць увесь свой жывы паёк. I кусцiк за кусцiкам скасуе ўвесь свой статак. Але фенэк вельмi баiцца перашкодзiць расплоду. I дзеля аднаго сняданка ён не толькi абягае добрую сотню гэтых рудых касмылiкаў, але нiколi не чэпiць з адной i той жа галiнкi двух слiмакоў падрад. Усё адбываецца так, як быццам ён усведамляе, чым рызыкуе. Калi б ён наядаўся безаглядна, ён пазводзiў бы ўсiх слiмакоў. А не стала б слiмакоў, не стала б i фенэкаў.
Сляды зноў прывялi мяне да нары. Фенэк ужо дома, ён, безумоўна, яшчэ здалёк пачуў мае цяжкiя крокi i цяпер у страху чакае. I я кажу яму: "Лiска мая, няма мне ратунку, але дзiва, мне ўсё роўна вельмi цiкава, як ты жывеш, як маешся..."
Стаю ў роздуме... Так, сапраўды, мусiць, можна прымiрыцца лiтаральна з усiм. Не замiнае ж чалавеку жыць i радавацца думка пра тое, што гадоў праз трыццаць ён, магчыма, памрэ. А трыццаць гадоў цi тры днi... тут уся справа ў тым, якой мерай мераць...
Толькi вось усплываюць перад вачыма вобразы, якiя лепей не ўспамiнаць...
Я зноў iду сваёй дарогай, стома ўсё мацнее, i нешта ўва мне змянiлася. Мiражоў няма, а я сам iх выдумляю...
- Э-гей!
Я з крыкам узнiмаю рукi - там чалавек, ён махае мне... Не, гэта проста чорны каменны слуп. Пустыня ажывае. Я хацеў разбудзiць гэтага соннага бедуiна, а ён ператварыўся ў счарнелы камель дрэва. У камель дрэва? Адкуль яно тут? Нагiнаюся, хачу падняць адламаную галiну: яна з мармуру! Выпростваюся i азiраюся: вось i яшчэ чорны мармур. Усё вакол усеяна абломкамi дагiстарычнага лесу. Сотнi тысяч гадоў таму назад ён, як храм, рухнуў пад страшэнным, першабытнай сiлы ўраганам. I стагоддзi дакацiлi да мяне гэтыя асколкi гiганцкiх калон, гладкiя, як сталёвыя брусы, акамянелыя, ашклянелыя, колеру тушы.
