
Прыцемак працверазiў мяне. Раптоўна спыняюся, мне робiцца страшна: я зайшоў вельмi далёка. У прыцемку мiраж прападае. Далягляд скiдае з сябе сваю мiшуру, свае свяшчэннiцкiя рызы. Цяпер гэта - далягляд пустынi.
- Вось i дамогся свайго! Зараз цябе агорне ноч, давядзецца чакаць свiтання, а да заўтра сляды твае сатруцца - i не будзе звароту.
- Тады ўжо лепей iсцi толькi наперад... Навошта зноў вяртацца назад? Мне ўжо не хочацца адступаць, а раптам я нарэшце ўбачу... раптам нарэшце ўбачу мора!..
- Дзе ты ўбачыш мора? Ты нiколi не дойдзеш да яго. Памiж iм i табою не меней трохсот кiламетраў. А каля вашага "сiмуна" цябе чакае Прэво! I, магчыма, яго ўжо заўважыў якi-небудзь караван...
Ну што ж, добра, я вярнуся, але спачатку пагукаю, а раптам непадалёк людзi:
- Эге-гей!
Ёсць жа людзi на гэтай алюджанай планеце!..
- Эгей, людзi!..
Я хрыпну. У мяне прападае голас. Проста смешна гэтак надрывацца... Аднак паспрабуем яшчэ раз:
- Лю-дзi!..
Гэта гучыць так ненатуральна i напышлiва...
I я паварочваю назад.
Пасля дзвюх гадзiн шляху заўважаю водблiск вялiзнага кастра. Прэво, устрывожаны маiм знiкненнем, распалiў яго ледзь не да неба. А!.. для мяне гэта не мае нiякага значэння!..
Яшчэ гадзiна хады... Яшчэ пяцьсот метраў. Яшчэ сто. Яшчэ пяцьдзесят.
- Ах!
Спыняюся як укопаны. Нястрымная радасць залiвае маё сэрца. Асветлены полымем, Прэво размаўляе з двума арабамi, якiя сядзяць, прыпёршыся да матора. Ён яшчэ не заўважыў мяне. Ён надта апанаваны сваёй уласнай радасцю. Ах, калi б гэта чакаў я, а не ён... я ўжо быў бы на волi! Радасна крычу:
- Эгей!
Абодва бедуiны ўскокваюць на ногi, абарочваюцца i глядзяць на мяне. Прэво пакiдае iх i iдзе мне насустрач. Я працягваю рукi. Прэво падхоплiвае мяне пад локаць. Я што - падаў? Кажу яму:
- Нарэшце яны тут!
- Хто?
- Арабы!
- Якiя арабы?
- Ды тыя, што тут, з вамi!..
