
Прэво дзiўна глядзiць на мяне i неяк нехаця, быццам процi волi давярае мне вялiкую тайну, кажа:
- Нiякiх арабаў тут няма...
Вось цяпер я, мусiць, заплачу.
6
Тут можна пражыць без вады толькi дзевятнаццаць гадзiн, а што мы пiлi з учарашняга вечара? Некалькi кропель расы на свiтаннi! Але па-ранейшаму пануе паўночна-ўсходнi вецер, i гэтая акалiчнасць трошкi запавольвае наша высыханне. Дзякуючы гэтай заслоне ў небе яшчэ збiраюцца воблакi, цэлыя горы аблокаў. Ах, калi б яны дайшлi да нас, калi б пайшоў дождж! Але ў пустынi дажджоў не бывае.
- Прэво, давай разрэжам адзiн парашут на трохкутнiкi. Раскладзём iх на пяску i прыцiснем каменем. Калi вецер не пераменiцца, на досвiтку выкруцiм гэтыя анучы ў бак з-пад гаручага, усё-ткi збярэцца хоць трошкi расы.
Мы разаслалi пад зоркамi шэсць белых посцiлак. Прэво зняў з самалёта бак. Заставалася толькi дачакацца ранку.
Сярод абломкаў Прэво знайшоў сапраўдны цуд - апельсiн! Дзелiм яго пароўну. Я неверагодна рады, i ўсё-такi адзiн апельсiн - так мала, нам трэба было лiтраў дваццаць вады!
Ляжу каля нашага начнога вогнiшча, гляджу на залатавы сонечны плод i думаю: "Людзi не ведаюць, што гэта такое - апельсiн..." I яшчэ думаю: "Мы асуджаны, але i зараз, як ранiцай, гэта не замiнае мне радавацца. Вось я трымаю ў руцэ палову апельсiна - i гэта адна з сама раскошных хвiлiн у маiм жыццi". Кладуся на спiну, высмоктваю дольку за долькай i лiчу знiчкi. У гэты мiг я шчаслiвы, бясконца шчаслiвы. I я зноў думаю: "У жыццi кожнае становiшча - гэта своеасаблiвы свет, яго законы можна спасцiгнуць толькi знутры". Я толькi цяпер разумею, навошта асуджанаму на смерць апошняя цыгарэта i шклянка рому. Раней да мяне не даходзiла, навошта смяротнiку такая мiласцiна. А яна ж дорыць яму вялiкую асалоду. I калi ён усмiхаецца, усе думаюць - якая мужнасць! А ён усмiхаецца, бо яму прыемна выпiць рому. Людзi не ведаюць, што ў яго цяпер зусiм iншая мера, што гэтая апошняя часiна для яго - цэлае жыццё.
