
Я ж яшчэ не звар'яцеў. Я добра адчуваю сябе. I я спакойны. Пiльна ўглядваюся. За пяцьсот метраў ад мяне гараць тры лiхтары.
- Аге-ей!
Але мяне па-ранейшаму не чуюць.
I мяне ахоплiвае хвiлiнная панiка. Адзiная, якую я спазнаў. Ах, я ж яшчэ магу бегчы! "Пачакайце!.. Пачакайце!.." Зараз яны павернуць назад! Пойдуць шукаць у iншым месцы, а я загiну! Загiну на парозе жыцця, калi ўжо раскрылiся абдымкi, гатовыя мяне падтрымаць!..
- Эге-ей! Эге-ей!
- Эге-ей!
Пачулi! Я задыхаюся, я задыхаюся, але бягу. Бягу на голас, на крык "эгей!". Бачу Прэво - i падаю.
- О, калi я заўважыў гэтыя лiхтары!..
- Якiя лiхтары?
Так, ён адзiн.
На гэты раз я не адчуваю роспачы, толькi закiпае нейкi глухi гнеў.
- Ну, як ваша возера?
- Я iшоў да яго, а яно ўсё аддалялася. Я iшоў да яго цэлых паўгадзiны. I ўсё роўна было яшчэ вельмi далёка. I я вярнуўся. Але цяпер я ўпэўнены, гэта сама сапраўднае возера.
- Вы з глузду з'ехалi, вы проста з глузду з'ехалi! Навошта вы зрабiлi гэта?.. Навошта...
Што ён зрабiў? Што - навошта? Мяне душаць слёзы ад абурэння, хоць я i не ведаю, чым я так абураны. А Прэво хрыпла тлумачыць:
- Мне так хацелася знайсцi вады... У вас такiя белыя вусны!
Ах! Мой гнеў спадае... Я тру далонню лоб, я нiбы ачынаюся, i мне робiцца сумна. Цiха расказваю:
- Я ўбачыў тры агеньчыкi - зусiм выразна, вось як вас зараз бачу, i тут не можа быць нiякай памылкi... Паверце, Прэво, я бачыў iх!
Прэво доўга маўчыць.
- Ну вось, - прызнаецца ён нарэшце, - справы дрэнь.
У пустынi, дзе паветра не мае вадзяной пары, зямля хутка астывае. Робiцца вельмi холадна. Я ўстаю i пачынаю хадзiць. Але неўзабаве мяне ахоплiваюць невыносныя дрыжыкi. Мая абязводжаная кроў ледзьве цячэ па жылах, мяне працiнае ледзяны холад, - i гэта ўжо не проста холад ночы. Мяне ўсяго калоцiць, зуб на зуб не пападае. Я ўжо не магу ўтрымаць лiхтарык, так трасуцца рукi. Нiколi не быў адчувальны да холаду, а сканаю ад холаду - дзiўна, што толькi вытварае з чалавекам смага!
