Я кiнуў недзе свой плашч, стамiўся несцi яго ў спёцы. А прастору спакваля запаўняе вецер. I я раблю адкрыццё, што ў пустынi няма жаднага прытулку. Пустыня гладкая, як мармур. Удзень тут не знойдзеш нi пасмачкi ценю, а ноччу яна аддае вас ва ўладу ветру. Нi дрэўца, нi кусцiка, нi каменя, дзе можна было б схавацца. Вецер налятае на мяне, як кавалерыя ў чыстым полi. Я кручуся, як ваўчок, каб уцячы ад яго. Кладуся на зямлю i зноў падымаюся, але цi ляжу я, цi стаю, мяне ўсё роўна сячэ гэтая ледзяная пуга. Я не магу бегаць, я не маю сiлы, я не магу ўцячы ад гэтых катаў, - i я падаю на каленi, ашчаперваю галаву рукамi i чакаю - зараз апусцiцца меч забойцы!

Трошкi пазней лаўлю сябе на тым, што я падняўся i, нiбы ў лiхаманцы, зноў iду, сам не ведаю куды! Дзе гэта я? Вось яно што - я пайшоў, i Прэво мяне клiча! Гэта яго воклiчы прывялi мяне ў прытомнасць...

Вяртаюся да яго, трасуся ўсiм целам, сутаргава ўздрыгваю. I разважаю: "Гэта не ад холаду. Гэта нешта iншае. Гэта канец". Усё маё цела высахла, у iм не засталося вiльгацi. Я гэтулькi хадзiў учора i пазаўчора, калi адправiўся на разведку адзiн.

Крыўдна памiраць ад холаду. Я ахвотней рушыў бы ў свае выдуманыя мiражы. Гэты крыж, гэтыя арабы, гэтыя лiхтары. У рэшце рэшт, гэта рабiлася нават цiкава. Я не хачу, каб мяне лупцавалi, як раба...

Але вось я зноў на каленях...

Мы захапiлi з сабой сёе-тое з аптэчкi. Сто грамаў чыстага эфiру, сто грамаў дзевяностаградуснага спiрту i бутэлечку з ёдам. Спрабую выпiць два-тры глыткi эфiру. Такое ўражанне, быццам я глытаю нажы. Бяру спiрт - не, адразу перацяло горла.

Выграбаю ў пяску ямку, кладуся ў яе i засыпаю сябе пяском. Наверсе толькi твар. Прэво адшукаў нейкiя кусцiкi i раскладвае цяпельца, якое адразу ж гасне. Прэво адмаўляецца закопвацца ў пясок. Лiчыць за лепшае прытанцоўваць. А што толку?

Горла ў мяне па-ранейшаму перацiснута, гэта кепская прыкмета, аднак я чуюся лепей. Я спакойны. Надзеi больш няма, а я спакойны. Звязанага па руках i нагах, нясе мяне пiрацкi карабель, плыву пад зоркамi, i спынiцца - не ў маёй уладзе. Але, бадай, я не гэткi ўжо й няшчасны...



98 из 122