- Паслухайце, я ж цяпер дзяржаўны саветнiк, так што цалкам да вашых паслуг! Калi магу чым-небудзь памагчы, дык вы не саромейцеся, кажыце! На такой пасадзе, як мая, шмат на што паўплываць можна.

I ён цягнуў напатканага прыяцеля ў кавярню, прасiў там ручку, чарнiла i паштовай паперы:

- Лiсток паперы, гарсон, трэба вось напiсаць рэкамендацыйнае пiсьмо.

I тут жа ён пiсаў тыя рэкамендацыйныя пiсьмы - па дзесяць, па дваццаць, па пяцьдзесят штук на дзень. Ён пiсаў iх i ў "Амерыканскай кавярнi", i ў Бiньёна, i ў Тартанi, i ў "Мэзон-Дарэ", i ў кавярнi "Рыш", i ў Хэльдэра, i ў "Ангельскай кавярнi", i ў Неапалiтанца - ну лiтаральна ўсюды. Ён пiсаў iх там да ўсiх чыноўнiкаў Рэспублiкi - ад мiравых суддзяў да мiнiстраў.

I быў шчаслiвы, папраўдзе шчаслiвы.

Аднойчы, калi яму трэба было iсцi ў Дзяржаўны савет, сыпануў дождж. Спачатку саветнiк намерыўся ўзяць фiякр, але раздумаў, вырашыўшы дабiрацца пеша.

Тым часам дождж ператварыўся ў страшэнны лiвень, якi залiваў тратуары i брук. Пан Марэн змушаны быў забегчы ў блiжэйшае параднае. Там ужо хаваўся ад залевы нейкi поп, стары, сiвагаловы кюрэ. Раней, да чыну дзяржаўнага саветнiка, пан Марэн цярпець не мог царкоўных служкаў. Але пасля таго, як адзiн кардынал пачцiва папрасiў у яго парады па адной складанай справе, ён адразу стаў паважаць увесь святы клiр.

Дождж лiў як з вядра, брудныя пырскi ляцелi ва ўсе бакi, i гэта змусiла мужчын заскочыць ажно ў пакойчык кансьержкi. Пан Марэн, якога вечна даймаў неадольны сверб прадэманстраваць важнасць сваёй асобы, сказаў:

- Ну i паскуднае надвор'е, пане абат.

Стары свяшчэннiк схiлiў галаву:

- Ваша праўда, пане, дужа непрыемна. Тым болей, калi завiтаеш у Парыж толькi на момант.

- Ах, дык вы з правiнцыi?

- З правiнцыi, пане, я тут праездам.

- Праўда, вельмi непрыемна, калi акурат у той час, як чалавеку выпадае пабыць у сталiцы, усчынаецца дождж. Мы, сталiчныя чыноўнiкi, над гэтым неяк i не задумваемся.



2 из 5