
Абат прамаўчаў. Ён глядзеў на двор: залева трохi сунiмалася. Кюрэ вырашыў, што ўжо можна iсцi далей, i падабраў крыссе сутаны - гэтак жанчыны падбiраюць падолы сваiх сукенак, калi пераходзяць ручай.
Пан Марэн, бачачы гэта, усклiкнуў:
- Ды вы ж прамокнеце, пане абат! Пачакайце яшчэ трохi, дождж хутка пройдзе.
Святар нерашуча спынiўся i адказаў:
- Але я дужа спяшаюся. Тэрмiновае спатканне.
Пан Марэн ажно засмуцiўся.
- Але ж вы прамокнеце наскрозь! Дазвольце папытацца, а ў якi квартал вы кiруецеся?
Кюрэ павагаўся, але адказаў:
- Ды ў бок Пале-Руаяль.
- У такiм разе, пане абат, дазвольце прапанаваць вам мой парасон. Я ж iду ў дзяржаўны савет. Я дзяржаўны саветнiк.
Святар ускiнуў галаву, паглядзеў на свайго спадарожнiка i сказаў:
- Дужа вам удзячны, пане, ахвотна прымаю вашу прапанову.
Пан Марэн мiгам падхапiў кюрэ пад ручку i павёў за сабою. Ён выбiраў яму дарогу, аберагаў, даваў парады:
- Асцярожней, пане абат, ручаiна! I трымайцеся, калi ласка, далей ад экiпажаў, а то яшчэ абкiдаюць гразёю з галавы да ног. Сачыце за парасонамi прахожых. Там такiя вострыя спiцы, што таго i глядзi - вочы павымаць можна. А жанчыны дык проста нясцерпныя: нi на што не звяртаюць увагi, вечна пырскi з iхнiх парасонаў ляцяць чалавеку проста ў твар! Нi на кога не зважаюць. Можна падумаць, што iм належыць увесь горад. I на тратуарах iх улада, i на праезнай дарозе. Па-мойму, выхаванне жанчын зусiм занядбана, я так мяркую!
I пан Марэн засмяяўся.
Кюрэ маўчаў. Ён iшоў, угнуўшы галаву, старанна выбiраючы мясцiны, куды ступаць, каб не запэцкаць нi абутак, нi сутану.
Пан Марэн не сунiмаўся:
- А вы, мусiць, прыехалi ў Парыж развеяцца трохi, праўда?
Святар адказаў:
- Не, справа тут у мяне.
- Ах, вось як! I важная? Дазвольце пацiкавiцца, а ў чым заключаецца ваша справа? Можа, я магу памагчы вам, дык я цалкам у вашым распараджэннi!
