Поп быў у яўным замяшаннi. Ён прамармытаў:

- Ды як вам сказаць... Так, дробная асабiстая турбота. Невялiкае непаразуменне з ... з маiм епiскапам. Але гэта вам не цiкава. Так, хатнiя непаладкi... духоўнага характару.

Пан Марэн загарэўся.

- Ды менавiта Дзяржаўны савет i ўладжвае падобныя справы! У такiм разе - я да вашых паслуг.

- Праўда, пане, акурат у Дзяржаўны савет я i iду. Вы вельмi добры чалавек. Мне трэба пабачыцца з панам Лёрэпэрам i панам Савонам, можа, яшчэ i з панам Пэцiпа.

Пан Марэн спынiўся як укапаны.

- Ды гэта ж мае сябры, пане абат, мае найлепшыя сябры, цудоўныя калегi, чароўныя людзi! Я пазнаёмлю вас з усiмi трыма, i з задавальненнем пазнаёмлю. Можаце разлiчваць на мяне!

Кюрэ падзякаваў, папрасiў прабачэння, налепятаў процьму ўсялякiх прыемнасцей.

Пан Марэн быў зачараваны.

- Ах, вы папраўдзе можаце хвалiцца, што вам страшэнна пашанцавала, пане абат. Вось убачыце, вось убачыце, пры маiм удзеле ваша справа рушыць як па масле!

Яны прыйшлi ў Дзяржаўны савет. Пан Марэн завёў свяшчэннiка ў свой кабiнет, прапанаваў яму мяккае крэсла, пасадзiў блiжэй да камiна, дзе гарэў агонь, потым сам сеў за стол i пачаў пiсаць:

"Дарагi калега! Дазвольце мне ад усёй душы назваць Вам самага дастойнага, вартага найвялiкшай пашаны вялебнага пана абата..."

Ён прыпынiўся i запытаўся:

- Ваша прозвiшча, будзьце ласкавыя?

- Абат Сэнцюр.

Пан Марэн застрачыў далей:

"...пана абата Сэнцюра, якому патрэбна ваша паслуга ў адной дробязнай справе, пра якую ён Вам сам раскажа.

Я шчаслiвы, што дзякуючы гэтай нагодзе, дарагi калега..."

I закончыў адпаведным камплiментам.

Напiсаўшы тры падобныя пiсьмы, ён перадаў iх свайму пратэжэ, i той пасля бясконцых падзяк выйшаў з кабiнета.

Пан Марэн адпрацаваў у Савеце, вярнуўся дахаты, спакойна дабыў да вечара, мiрна праспаў ноч, прачнуўся ў выдатным настроi i загадаў падаць газеты.



4 из 5