
Нарэшце яму прыйшла, здаецца, лагiчная i разумная думка - дапiльнаваць на дарозе адзiнокага вяскоўца, у якога не будзе нi зброi, нi якой-небудзь небяспечнай прылады працы, кiнуцца да яго i як мага даходлiвей растлумачыць, што ён здаецца.
Ён зняў каску, шышак якой мог яго выдаць, i з вялiкаю засцярогай высунуў галаву праз дзiрку ў сваiм сховiшчы.
Нiдзе, да самага далягляду, не было вiдаць нiводнай жывой душы. Справа стаяла вёска, над стрэхамi хат у неба падымаўся лёгкi дымок - гатавалi ежу! А злева па-над верхавiнамi дрэў, пасаджаных абапал шырокага гасцiнца, узвышаўся вялiзны замак з вежамi па баках.
Ён чакаў да самага вечара, страшэнна пакутуючы ад голаду, але бачыў толькi варон i чуў толькi глухое бурчанне ў пустым жываце.
I зноў над iм згусцiлася ноч.
Ён зашыўся глыбей у сваёй схованцы, лёг на зямлю i заснуў. Усю ноч яго калацiла, нiбы ў лiхаманцы, яго даймалi кашмары - гэта быў сон галоднага, спакутаванага чалавека.
Над галавой пачынала займацца на новы дзень. Ён вярнуўся на свой назiральны пункт. Але, як i ўчора, у палях было пуста; i розум Вальтэра Шнафса працяў новы жах - жах памерцi з голаду! Ён ужо бачыў: вось ён ляжыць на дне гэтай канавы, на слiне, з назаўжды заплюшчанымi вачыма. I звяры, усялякiя маленькiя звярочкi збягаюцца да яго трупа i пачынаюць яго раздзiраць, грызуць, лезуць пад адзенне, каб адкусiць яшчэ адзiн кавалак халоднага цела. I вялiзны чорны крумкач дзяўбе яму вочы востраю глюгай.
Ён прыйшоў у страшэнную роспач, яму здавалася, што ён зараз страцiць прытомнасць ад слабасцi, што ён ужо нiкуды адсюль не здолее пайсцi. I ён быў гатовы ўжо кiнуцца ў вёску, пайсцi на ўсё, адважыцца на любы самы дзёрзкi ўчынак, калi заўважыў трох сялян, якiя iшлi ў поле з косамi на плячы, i зноў прытаiўся ў сваёй нары.
