
Аднак, калi вечар ахiнуў раўнiну цемрай, ён марудна вылез з рова i, скурчыўшыся, баязлiва, са сцiснутым ад жаху сэрцам рушыў у дарогу. Ён iшоў да далёкага замка, бо лiчыў, што лепей зайсцi туды, чым у вёску, якая здавалася яму небяспечнейшай за тыгровае логава.
У вокнах на першым паверсе гарэла святло. Адно з iх было нават адчыненае, i з яго струменiўся моцны пах смажанага мяса, якi адразу ўдарыў Вальтэру Шнафсу ў нос i працяў аж да самых вантробаў. Вальтэр Шнафс пачаў задыхацца, усё ўсярэдзiне ў яго напялася, пах уладна вабiў да акна, напаўняў яго сэрца адчайнаю адвагай.
Ён бяздумна кiнуўся наперад i нечакана, з каскай на галаве, узнiк у акне.
Вакол шырачэзнага стала за абедам сядзела восем чаляднiкаў. Але раптам адна з пакаёвак знерухомела, шклянка выпала ў яе з рук, i вочы ўтаропiлiся ў адну кропку. Усе погляды павярнулiся ў той бок!
Усе заўважылi ворага!
Божачкi! Прусакi аблажылi замак!..
Спачатку пачуўся толькi крык - восем галасоў на розны лад злiлiся ў адзiны роў, поўны пачварнага жаху i страшэннага спалоху; потым усе разам ускочылi, пачалася мiтусня, штурханiна, чаляднiкi беспарадкава кiнулiся да дзвярэй. На падлогу ляцелi крэслы, мужчыны штурхалi жанчын, тыя падалi, мужчыны прабягалi па iх наперад. У iмгненне вока пакой быў пусты, пакiнуты, i перад здзiўленым Вальтэрам Шнафсам, якi па-ранейшаму стаяў каля акна, застаўся толькi стол, устаўлены рознымi стравамi.
Яшчэ некалькi секунд Вальтэр Шнафс стаяў нерашуча, потым пералез цераз падаконнiк i рушыў да поўных талерак. Ад лютага голаду яго трэсла, нiбы ў лiхаманцы, але страх яшчэ стрымлiваў яго, скоўваў яго рухi. Ён прыслухаўся. Увесь дом, здавалася, дрыжаў: рыпелi i зачынялiся дзверы, над яго галавой чулася хуткае шорганне ног. Пры кожным невыразным гуку прусак з трывогай напружваў слых i хутка пачуў, быццам нешта цяжкае ўпала на мяккую зямлю пад замкавым мурам: з другога паверха праз вокны скакалi людзi.
