
Нейкi металiчны абломак пры чарговым штуршку парэзаў ёй твар. Тонкая палоска крывi выступiла на шчацэ.
- "Захоўваць прыстойнасць!" - прамовiла яна тужлiва... - Колькi разоў ты паўтараў мне гэтыя словы, мой любы... I мы яе мужна захоўвалi... Цяпер жа... Што нам паказная прыстойнасць у гэтыя апошнiя нашы хвiлiныi
Потым глуха, з запалам:
- Смялей, не бойся!.. - прашаптала яна каханку. - Прыйшла наша смерць... Што ж ты стаiш, перапалоханы, як перад прывiдам?..
Яе муж нахiлiўся, трымаючы хустачку, i лёгкiм, далiкатным жэстам выцер ёй акрываўленую шчаку. Потым глянуў на падпалкоўнiка са смуткам, але без суровасцi. Яго вочы, здавалася, гаварылi: "Абдымi гэту няшчасную. Я пераступiў цераз усе межы чалавечых пакут..." Той, другi, прыгнечаны, раздаўлены, адказваў яму гэтак жа маўклiва: "Не магу. Я вас надта паважаю. Даруйце". Я ўявiў сабе Трыстана i караля Марка, мужа Iзольды. Больш патэтычнай сцэны мне нiколi не даводзiлася бачыць. Чулiся толькi пранiзлiвы свiст ветру i, як далёкае журчанне, малiтва пiлота. Праз iлюмiнатар вiдаць было шэрае свiнцовае неба з табунамi касмыкаватых хмар, а калi зiрнуць унiз, усюды варушылася i падымалася жоўтая вада.
Кароткая паўза, i жанчына, што прыпала да грудзей афiцэра, адкiнулася назад. Потым з дзiкiм нахабствам, абшчапiла яго за шыю i пачала цалаваць. Ён трошкi абараняўся, потым, ад жалю цi, можа, ад iншых пачуццяў, адвярнуўся нарэшце ад свайго шэфа i горача пацалаваў яе сам. Губернатар пабляднеў яшчэ больш, адкiнуўся на спiнку крэсла i амаль страцiў прытомнасць. Засаромеўшыся, я мiжвольна заплюшчыў вочы.
Колькi часу мы правялi гэтак? Не ведаю. Я толькi дакладна помню, што ў жудаснай плынi хвiлiн цi гадзiн, прабiўшыся праз буру, да маiх вушэй данеслася раптам стракатанне матора. Што гэта, галюцынацыя? Я прыслухаўся i азiрнуўся. Мае спадарожнiкi таксама слухалi. Падпалкоўнiк i Жызэль ужо разышлiся. Яна прыблiзiлася на паўкрока да свайго мужа. Ён углядаўся ў iлюмiнатар. Пiлот стаяў увесь насцярожаны:
