
Падпалкоўнiк задрыжаў увесь i падняўся, каб адхiлiць ад сябе ашалелую жанчыну.
- Пане губернатар, - пачаў ён...
Свiст i шум урагана заглушылi яго словы. Губернатар сядзеў амаль побач i, як зачараваны, пазiраў на гэту пару. Губы яго падскаквалi, не ведаю, цi ён гаварыў што, цi толькi тужыўся нешта сказаць. Ён так пабляднеў, што мне здалося, вось-вось страцiць прытомнасць. Самалёт, якi ўчапiўся адным крылом за пальму справа, коўзаўся па пяску, трапятаўся i стукаў, як разгорнуты сцяг. У хвiлiну смяротнай небяспекi я павiнен быў думаць аб сям'i, аб маёй дарагой Iзабеле, але вiдовiшча было такое выключнае, што я не мог адарваць вачэй.
Спераду, спiной да пасажыраў, укленчыў пiлот i шаптаў малiтву. Сэрца падпалкоўнiка раздзiралi процiлеглыя пачуццi: каханне прымушала яго прытулiць няшчасную жанчыну, а сумленне i боль за зняважаны гонар свайго шэфа, якога ён шчыра паважаў, звязвалi яму рукi. Што датычыцца мяне, то я сядзеў, скурчыўшыся, каб менш трасло, i стараўся трымацца ў баку ад драмы траiх, не перашкаджаць iм. Зрэшты, я ўпэўнены, што яны мяне не заўважалi.
Губернатар, хапаючыся за крэслы, падышоў да сваёй жонкi. У гэтым страшным няшчасцi, якое адразу знiшчала i яго жыццё i яго дабрабыт, ён захоўваў нейкую дзiўную высакароднасць. Гнеў не перакрывiў яго прыгожага твару, i толькi вочы былi вiльготныя. Прыблiзiўшыся, ён абапёрся на маё плячо i голасам, пяшчотнасць якога ўзрушвала да слёз, сказаў:
- Я нiколi не думаў, Жызэль, нiколi не думаў... Вярнiцеся, сядзьце са мной... Жызэль! Я прашу вас... Я вам загадваю.
Яна абвiла рукамi падпалкоўнiка i цягнула яго да сябе:
- Любы мой, любы мой! Не супрацiўляйся!.. Усё скончана. Я хачу памерцi, цалуючы цябе... Любы мой, у гэтыя апошнiя хвiлiны нiякiх дакораў сумлення... Калi было трэба, я цябе слухала, ты гэта ведаеш... Ты любiў, шанаваў Эрыка... Я таксама... Так, гэта праўда, Эрык, я цябе любiла!.. Але ж цяпер - канец!..
