
Мясцовы адмiнiстратар сустрэў нас на набярэжнай. Гэта быў малады каланiяльны чыноўнiк, крыху напалоханы цяжкiмi вынiкамi стыхiйнага бедства. Але губернатар Бусар, як толькi ступiў на зямлю, праявiў сябе сапраўдным "гаспадаром". Гэта быў начальнiк высокага класа, якi ўмеў прымаць неабходныя меры. Ён звярнуўся да падпалкоўнiка Анжэлiнi з патрабаваннем тэрмiнова выдзелiць салдатаў для дапамогi насельнiцтву. I я са здзiўленнем назiраў, як дружна яны абодва распараджалiся. Нiкому i ў галаву б не прыйшло, што гэтых людзей падзяляе вялiкая асабiстая крыўда. Мадам Бусар завялi ў дом адмiнiстратара, маладзенькая жонка якога напаiла яе чаем i дала ёй дажджавiк. Пасля чаго мадам Бусар выказала жаданне прыняць удзел у агульнай працы i занялася дзецьмi i раненымi.
- Адкрыццё помнiка, пане губернатар, я лiчу... - мiтусiўся малады чыноўнiк.
- Перш чым ушаноўваць мёртвых, трэба выратаваць жывых, - спынiў яго губернатар.
Аб маiм дакладзе i думкi быць не магло. Я адчуваў, што ўсе ўдзельнiкi гэтай невялiчкай драмы спяшалiся справадзiць мяне ў новае падарожжа. На гэты раз мне параiлi ехаць чыгункай. Я прыйшоў развiтацца з мадам Бусар.
- Якi ўспамiн вы аб нас захаваеце! - прамовiла яна.
Я так i не ведаю, што яна мела на ўвазе: жудасны палёт цi любоўную трагедыю.
* * *
- А вы iх бачылi пасля таго? - запытала Клер Менетрые.
- Чакайце, - пачаў Бертран Шмiт... - Гады два пазней, у 194О-м, мабiлiзаваны як афiцэр, я сустрэў Дзюга, ужо ў чыне капiтана, на бельгiйскiм фронце ў афiцэрскай сталовай генерала каланiяльнай дывiзii. Ён мне расказаў пра гэта страшнае падарожжа. Вы шчаслiва выскачылi! Ваш пiлот мне ўсё апiсаў... Ён вельмi злаваўся на свайго шэфа, якому перад адлётам прадказваў катастрофу.
Нахмурыўшыся i памаўчаўшы, Дзюга дадаў:
- Скажыце, дарагi мэтр, што тады адбылося? Нiхто не прагаварыўся нi словам, але цень драмы не адступала ад губернатара, яго жонкi i падпалкоўнiка Анжэлiнi пасля iх звароту нi на крок... Вы знаеце, падпалкоўнiк папрасiў перавесцi яго ў iншае месца, i неўзабаве яго адпусцiлi. Мяне дзiвiць тое, што шэф быў не супраць.
