- Чаму дзiвiць?

- Не ведаю. Ён яго вельмi паважаў. I потым, я быў упэўнены, што пастараюцца яго затрымаць.

- Хто? Вы хочаце сказаць - Жызэль?

Дзюга ўважлiва паглядзеў на мяне:

- Яна першая прыклала ўсе сiлы, каб ён выехаў.

- А дзе цяпер Анжэлiнi?

- Камандуе мотастралковым палком. У генералы мецiць.

Надышла акупацыя. Пяць гадоў змагання, трывог i надзей. Потым мы з вамi бачылi, як ажываў заняпалы Парыж. У пачатку 1947 года Элен дэ Тыянж запытала мяне:

- Вы не жадаеце паснедаць у нас разам з Бусарамi? Кажуць, яго збiраюцца прызначыць галоўным рэзiдэнтам у Iндакiтаi... Выдатны чалавек, трошкi суровы, але вельмi культурны. Вы чулi, што ён нядаўна апублiкаваў зборнiк вершаў пад псеўданiмам?.. У яго красуня жонка.

- Я з ёю знаёмы, - адказаў я. - Перад вайной мне давялося спыняцца ў iх, калi Эрык Бусар быў губернатарам у адной з краiн Чорнай Афрыкi... Цiкава пабачыцца з iмi яшчэ раз. Але цi будуць яны задаволены гэтай сустрэчай? сумняваўся я. Як-нiяк, а я адзiны сведка iх вялiкай сямейнай трагедыi. Аднак жаданне перамагло, i я прыняў запрашэнне.

Няўжо вайна i нягоды так змянiлi мяне? Бусары пазналi мяне не адразу. Я падышоў да iх, але яны зiрнулi на Элен з тым асцярожным запытаннем, што неадкладна просiць тлумачэння, i гаспадыня назвала мяне. Халодны твар губернатара пасвятлеў, а яго жонка ўсмiхнулася:

- Вось як? - радасна сказала яна. - Вы былi нашым госцем у Афрыцы?

За сталом яна была маёй суседкай. Гутарка мая з ёю нагадвала прагулку па крохкiм лёдзе, я ўвесь час баяўся, што правалюся. Нарэшце, пераканаўшыся ў яе лагоднасцi i спакоi, я рызыкнуў напомнiць пра ўраган на дэльце.

- Праўда, - пацвердзiла яна. - Вы былi ўдзельнiкам гэтай недарэчнай экспедыцыi. Злашчасная авантура! Мы там ледзь не загiнулi.



13 из 14