
- Гэта гучныя словы, тое самае я аднойчы пачуў ад чалавека, якi абрабаваў банк; судзьдзя спытаўся ў яго, чаму ён сплянаваў ды зьдзейсьнiў рабунак. "У мяне не было iншага выбару", сказаў ён.
- Мусiць, ён меў рацыю, - сказаў я, - i гэта не выключае, што я таксама маю рацыю.
Рэдактар змоўчаў i вярнуўся да майго апавяданьня; яно складалася з чатырох друкаваных на машынцы старонак, i тыя дзесяць хвiлiнаў, якiя спатрэбiлiся яму для чытаньня, я думаў, цi не было ў мяне лепшага адказу на ягонае пытаньне, але не знаходзiў нiчога iншага; я пiў тую каву, палiў цыгарэту. Хай бы ён лепш чытаў апавяданьне не ў маёй прысутнасьцi! Нарэшце ён скончыў, а я якраз запалiў быў другую цыгарэту.
- Ваш адказ на маё пытаньне мне спадабаўся, але вашае апавяданьне мне не падабаецца. У вас ёсьць яшчэ?
- Так, - сказаў я, i зь пяцi рукапiсаў, якiя яшчэ былi ў маёй сумцы, выбраў адзiн кароткi й сунуў яму.
- Я мо' лепей пакуль выйду, - сказаў я.
- Не, - сказаў ён, - лепей, калi вы застанецеся.
Другое апавяданьне было карацейшае, толькi тры друкаваныя старонкi - я пасьпеў адно дапалiць цыгарэту. "Гэтае апавяданьне добрае, - сказаў рэдактар, - яно настолькi добрае, што я не магу даць веры, што абодва напiсаныя адной i той жа рукой". "Але гэта так", сказаў я, "яны абодва напiсаныя мной". "Гэтага я не магу зразумець", сказаў рэдактар, "гэта проста не да веры: першае прэтэнцыйны i таму асаблiва заганны ўзор рэлiгiйнага кiчу, а другое - у мяне няма нiякай падставы лiсьлiвiць - другое, па-мойму, блiскучае. Растлумачце мне гэта!"
Я ня мог яму гэта растлумачыць, i я да сёньня не знайшоў тлумачэньня гэтаму. Насамрэч, мне падаецца, што пiсьменьнiка цалкам можна параўнаць з рабаўнiком банку, якi прыкладае невымоўныя намаганьнi, каб сплянаваць рабунак, якi ў сьмяротнай самоце, уначы, высаджвае сэйф, ня ведаючы, колькi грошай, колькi золата й каштоўных камянёў ён там знойдзе: ён ставiць на карту дваццаць гадоў турмы, высылку, зону, ня ведаючы, якi куш сарве.
