I ён упаў нiцма на траву, затулiў твар рукамi i зарыдаў.

- Чаго ён плача? - спытала маленькая зялёная Яшчарка, якая прапаўзала мiма Студэнта, варушачы хвосцiкам.

- Сапраўды чаго? - падхапiў Матылёк, што пырхаў паблiзу ў сонечных промнях.

- Чаго ён? - пяшчотным шэптам пацiкавiлася Стакротка ў свайго суседа.

- Ён плача праз чырвоную ружу, - адказаў Салавей.

- Праз чырвоную ружу? - здзiвiлiся ўсе. - Ах, як смешна!

А крыху цынiчная маленькая Яшчарка проста засмяялася яму ў вочы.

Адзiн толькi Салавей разумеў Студэнтава гора. Ён моўчкi сядзеў на дубе i думаў пра таямнiцы Кахання.

Раптам ён распасцёр свае шэрыя крылцы i ўзвiўся ў паветра. Як цень, ён праляцеў над гаем i, як цень, пранёсся над садам.

Пасярод паплаўца рос прыгожы Куст ружы. Салавей убачыў яго, падляцеў i апусцiўся на галiнку.

- Дай мне чырвоную ружу, - папрасiў ён, - а я табе спяю сваю найлепшую песню.

Але Куст зарыпеў галiнамi.

- Мае ружы белыя, - адказаў ён, - яны белыя, як марская пена, яны нават бялейшыя за снег на горных вяршынях. Ляцi да майго брата, што расце каля старога пясочнага гадзiннiка. Можа, ён цябе выручыць.

I паляцеў Салавей да Куста, што рос каля старога пясочнага гадзiннiка.

- Дай мне чырвоную ружу, а я табе спяю сваю найлепшую песню.

Але i гэты Куст зарыпеў галiнамi.

- Мае ружы жоўтыя, - адказаў ён, - яны жоўтыя, як валасы ў русалкi, што сядзiць на троне з бурштыну, яны нават жаўцейшыя за нарцыс, якi цвiце на няскошаным поплаве. Ляцi да майго брата, што расце пад акном у Студэнта. Можа, ён цябе выручыць.

I паляцеў Салавей да трэцяга Куста ружы, што рос пад акном у Студэнта.

- Дай мне чырвоную ружу, - пачаў упрошваць ён, - а я табе спяю сваю найлепшую песню.

Але i трэцi Куст зарыпеў галiнамi.

- Мае ружы чырвоныя, - адказаў ён, - яны чырвоныя, як лапкi ў голуба, яны чырванейшыя за вееры каралаў, што калышуцца ў пячорах на дне акiяна. Але ад зiмовай сцюжы ў маiх жылах застыла кроў, мароз пабiў мае пупышкi, бура паламала галiнкi, i сёлета ў мяне зусiм не будзе ружаў.



2 из 6