- Адну чырвоную ружу - больш мне не трэба! - упрошваў Салавей. - Толькi адну чырвоную ружу! Няўжо нiчога няможна зрабiць?

- Можна, - адказаў Куст, - але гэта так страшна, што я не асмельваюся сказаць табе.

- Гавары, - папрасiў Салавей, - я не баюся.

- Калi ты хочаш, каб у цябе была чырвоная ружа, ты павiнен стварыць яе, як засвецiць месяц, з гукаў сваiх песень i акрапiць крывёю свайго сэрца. Ты павiнен спяваць мне, прыцiснуўшыся грудзьмi да майго шыпа, усю ноч навылёт, а тым часам твая жывая кроў перальецца ў мае жылы i стане маёй крывёю.

- Жыццё - дарагая цана за чырвоную ружу, - задуменна прамовiў Салавей, - яно любае кожнаму. Вялiкае шчасце, седзячы ў лесе, любавацца Сонцам у залатой каляснiцы i Месяцам у каляснiцы з жэмчугу. Салодка пахне глог, цвiтуць у далiнах мiлыя званочкi, растуць на ўзгорках верасы. Але Каханне даражэйшае за Жыццё, дый што значыць сэрца нейкай птушкi ў параўнаннi з чалавечым?

I, узмахнуўшы шэрымi крылцамi, Салавей узвiўся ў паветра. Як цень, ён праляцеў над садам i, як цень, пранёсся над гаем.

Малады Студэнт усё яшчэ ляжаў на траве, там, дзе пакiнуў яго Салавей, i слёзы яшчэ не высахлi на яго прыгожых вачах.

- Радуйся! - усклiкнуў Салавей. - Радуйся, будзе ў цябе чырвоная ружа. Я ствару яе, як засвецiць месяц, з гукаў сваiх песень i акраплю крывёю свайго сэрца. За гэта я хачу ад цябе толькi аднаго: будзь верны свайму Каханню, таму што якая б мудрая нi была Фiласофiя, Каханне мудрэйшае; якая б магутная нi была Ўлада, Каханне магутнейшае. Яго крылы чырвоныя, што полымя, полымем ахоплена i яно само. Вусны ў яго салодкiя, бы мёд, а дыханне падобнае да паху ладану.

Студэнт узняў вочы i прыслухаўся да Салаўя, але нiчога не зразумеў, бо ён ведаў толькi тое, пра што напiсана ў кнiгах.



3 из 6