Салавей яшчэ мацней прыцiснуўся да шыпа, i галасней загучала яго песня, бо была тая песня пра нараджэнне кахання ў сэрцах юнака i дзяўчыны.

I вось пялёсткi ружы зрабiлiся пунсовыя, як твар у маладога, калi ён цалуе ў вусны сваю нявесту. Але шып яшчэ не працяў сэрца птушкi, i Ружа заставалася белая, бо толькi жывая кроў Салаўя магла пафарбаваць сэрца Ружы.

Зноў Куст загадаў Салаўю, каб ён яшчэ мацней прыцiснуўся да шыпа.

- Прыцiснiся з усяе сiлы, Салавейка, бо iнакш дзень настане раней, чым запунсавее ружа!

I Салавей прыцiснуўся да шыпа яшчэ мацней, i джала нарэшце ўпiлося ў яго сэрца. Яго захлiснула хваля невыноснага болю. Боль рабiўся нясцерпны, але песня гучала ўсё галасней i галасней, бо Салавей спяваў пра Каханне, якое знаходзiць дасканаласць у Смерцi. Пра Каханне, якое не памiрае i пасля смерцi.

I стала дзiвосная ружа пунсовая, як небасхiл на свiтаннi. Пунсовы зрабiўся венчык, пунсовае, як рубiн, зрабiлася i яе сэрца.

А голас у Салаўя слабеў i слабеў, i вось затрымцелi маленькiя крылцы, затуманiлiся вочкi, i Салавей адчуў, як нешта калючае сцiснула яму горла.

Цяпер ён азваўся сваiм апошнiм пошчакам. Бледны Месяц пачуў яго i, забыўшыся на свiтанне, застаўся на небе. Пачула яго i Чырвоная ружа i, затрапятаўшы ў адказ, распусцiлася ўсiмi пялёсткамi насустрач халаднаватаму ранiшняму ветрыку. Рэха панесла гэты пошчак да сваёй барвовай пячоры ў гарах i разбудзiла пастухоў, якiя там спалi. Ён пракацiўся над рачнымi чаратамi, i тыя аддалi гэтыя гукi мору.

- Глядзi, глядзi! - здзiвiўся Куст. - Ружа зрабiлася чырвоная.

Але Салавей не адказаў.

Ён ляжаў мёртвы ў высокай траве, i ў сэрцы ў яго быў шып.

Апоўднi Студэнт расчынiў акно i выглянуў у сад.

- Ах, якое шчасце! - узрадаваўся ён. - Дык тут жа ёсць чырвоная ружа! Нiколi ў жыццi я не бачыў такой чырвонай ружы! Яна, пэўна, мае якую-небудзь доўгую лацiнскую назву.

I, высунуўшыся з акна, юнак сашчыкнуў кветку. Ён зараз жа надзеў капялюш i пабег да Прафесара, трымаючы ружу ў руцэ.



5 из 6