Твая ёсць частачка ва ўсiм прыгожым, Але з чым сэрца параўнаць мы можам?

54

Аздобленая праўдай прыгажосць Нiчога роўнага не мае ў свеце. Ў цудоўных ружах водар дзiўны ёсць, Якi жыве у пурпуровым цвеце.

У квет атрутных зiхацення шмат I водар да ружовага падобны. Яны прывабiць могуць наш пагляд, Калi вясной раскрыюцца бутоны.

Няма з iх цвету радасцi для нас, Атрутай адцвiтанне iх спавiта. А калi ружам вянуць прыйдзе час, Iх душы ў водар будуць пералiты.

Калi ж, юнацтва, вянуць ты пачнеш, Пералiю тваю ўсю праўду ў верш!

55

Нiякi мармур царскiх пахаванняў Не будзе трывалей, чым гэты верш. Калi ўсе плiты скрышацца дазвання, У iм будзеш жыць, як i цяпер жывеш.

Калi знiшчальныя паваляць войны Ўсе статуi, разбураць камянi, Жывое слова пройдзе супакойна У час наступны праз усе агнi.

Ты не паддана нi уладзе смерцi, Нi забыццю, што йдзе за ёй услед. Не здолеюць нi выкраслiць, нi сцерцi Твайго iмя, пакуль iснуе свет.

I так жывi ў людскiх прыхiльных сэрцах, Пакуль на свеце судны дзень пачнецца.

56

Устань, любоў мая! Устань, любоў! Цi ж ты слабей, тупей сваiх жаданняў? Навек не наясiся. Заўтра зноў Для нас усiх патрэбна сiлкаванне.

Цяпер ты задаволена. Твае Заплюшчваюцца вочы з асалоды. А новы дзень спакою не дае: Агонь не згас, палае, як заўсёды.

Каб гэты мiг для нас быў даражэй, Няхай разлука стане акiянам I дасць хоць прамянiстасцю вачэй Цераз яго спаткацца закаханым.

Калi разлука як зiма на сэрцы, Дык утрая мiлей з вясной сустрэцца.

57

Твой верны раб, аж покуль дзень мiне, Вартую пiльна ўсе твае жаданнi. Як да сябе паклiчаш ты мяне, Тады мой час шчаслiвы i настане.

Марудны час не праклiнаю я, Ягоную хаду сачу упарта. Гарчэй тады бывае мне ўдвая, Калi тваё пачую я: "Да заўтра!"

Нi словам я, нi думкаю сваёй Не запытаюся, ўладарка, дзе ты. Зайздрошчу тым, хто дзелiць час з табой, Яны - шчаслiвыя абранцы свету.



14 из 38