Любоў бязглузда i ў жыццi тваiм Не можа бачыць дрэннага зусiм.

58

Хай крые бог, што рабства мне паслаў. Каб я хоць думкай запытаўся нават, Як час праводзiш ты. Я - твой васал. Чакаць загадаў - вось мая ўся справа.

Нiбы табой зняволены ў турму, З табой разлучаны, з'яднаны з горам, Пакорны знаку кожнаму твайму, Не папракну цябе сваiм дакорам.

Жывi, як схочаш, панi над сабой, Твая свабода жадных меж не мае. Сама суддзя ты над сваёй вiной, Калi натрапiцца вiна такая.

Чакаю я. Хоць пекла ў тым чаканнi, Цябе нiяк i нi за што не ганю.

59

Калi навiн на свеце не бывае I ўсё, што ёсць, iснуе з прадвякоў, Дык сам сябе, напэўна, ашукае Той, хто народжанае родзiць зноў.

Хацеў бы я зiрнуць у днi былыя, За кругабегаў сонечных пяцьсот, Каб там сказалi кнiгi мне старыя, Каго любiў i пеставаў народ.

Тады пазнаў бы, ад якiх дзiвосаў З'явiлася ты ў свеце праз вякi I хто быў лепш благаславёны лёсам: Той даўнi час цi нашы мастакi.

Адно скажу: якi б нi быў чый лёс, Той час цябе узнёс бы да нябёс.

60

Як хвалi мкнуцца ў камянiсты бераг, Знiкаючы адна каля адной, Так i ў жыццi хвiлiн бясконцы шэраг Iдзе ў нябыт няспыннаю хадой.

Юнацтва ўсё аздоблена праменнем. Мiнае сталасць. Ад тае пары Змагаемся супроць лiхiх зацьменняў, Пакуль час возьме ў нас свае дары.

Час губiць цвет цудоўнай маладосцi, Кладзе разоры на чале красы. Узоры незраўнанай прыгажосцi Сцiнае сквапнасцю сваёй касы.

А ўсё ж мой верш з красой тваёю пройдзе, Насуперак яму, ў наступныя стагоддзi!

61

Цi праз цябе я вочы не самкну, Калi ўначы прыходзiш летуценнем? Цi вобраз твой мяне пазбавiў сну, Цi карагод табе падобных сценяў?

Хiба твая з'яўляецца душа, Каб зварушыць усё перабытое, У памяцi зайздросна ўваскрашаць Мае памылкi, усё маё благое?

О, не! Хоць моцная твая любоў, Ды не такая, каб у сне з'явiцца. Мая любоў, пазбыўшыся ўсiх сноў, Каля цябе стаiць, як вартаўнiца!

Яна вартуе, не самкне вачэй, Пакуль ты да другiх сяброў блiжэй.



15 из 38