I мастакоў нiзкапаклонны зброд, I недарэк мастацтвазнаўцаў з iмi, I iсцiну, якой затулен рот, I зло, што верхаводзiць над усiмi.

Стамлёны ўсiм, сумую па труне, Ды як жа друг мой будзе без мяне?

67

Нашто жыве ён мiж такiх заган? Каб даць ганебным справам апраўданне? Каб прыкрываць хлуслiвасцю румян Самотную часiну адцвiтання?

Нашто шукаць патрэбна пекнаце Да руж падобнасць шляхам нейкiм кружным? Яна нiколi больш не расцвiце, Хоць сапраўды была жывою ружай.

Навошта жыць, калi згасае плоць, Калi прырода ў ёй збанкрутавала, Былых багаццяў толькi рэшткi ёсць I кроў у жылах ходзiць так памалу?

Каб дням наступным паказаць магла б, Якi яна цудоўны мела скарб.

68

Ён сам увесь - як часу адлюстровак, Калi краса была яшчэ красой, Не ведала нiякiх падфарбовак, I зiхацела кветкай веснавой.

Тады яшчэ па смерцi не зразалi Ў нябожчыц косы залатыя iх, Каб, як цяпер, спадалi пышна хвалi Красы чужое на плячах чужых.

Краса яго ў свае страi адзета, Няма на ёй напазычаных фарб, З чужой вясны сабе не творыць лета I не рабуе дзён мiнулых скарб.

Нашто яго вартуе так прырода? Красу без фальшу паказаць народу!

69

Найлепшы друг або найгоршы вораг Дадаць не могуць, каб хацелi нат, Хоць рыску да праслаўленага ўзору, Што бачыць свету цэлага пагляд.

Праслаўлена твая знадворнасць звонку, Але калi ўсё тыя ж языкi Пра якасць сэрца распачнуць гамонку, Тады i водгук будзе не такi.

Тваёй душой цiкавячыся вельмi, Глядзiць на справы здзейсненыя свет. I тут, бывае, водар пустазелля Зглушае водар самых лепшых квет.

А лiху гэтаму адна прычына, Што кветнiк твой бадай для ўсiх адчынен.

70

Не ў тым загана, што цябе хто ганiць: Краса спрадвеку мэта для хлуснi.



17 из 38