Брыда нiяк да неба не прыстане, Хоць лётае варона ў вышынi.

Калi ты цнотай будзеш, як заўсёды, Дык ганьба вартасцi падкрэслiць лепш. Смаўжы шукаюць чысцiню i слодыч, Таму i да цябе паўзуць найперш.

Свайго юнацтва ты мiнула змусты Або ў змаганнi iх перамагла. Не знойдзеш хусты на чужыя вусты, Хлусню не знiшчыць праўды пахвала.

Калi б табе i з хмаркай не сустрэцца, Адна б ва ўсiх ты панавала сэрцах.

71

Не плач па мне ты больш хвiлiны той, Калi абвесцiць сумны звон званоў, Што я злучаюся навек з зямлёй I ў свет нiжэйшы да чарвей пайшоў.

Не ўспамiнай, чытаючы мой верш, Руку, напiсаны ён быў якой. Любоў мая! Забытым быць мне лепш, Чым згадкай твой нарушыць супакой.

Не хочу я, каб водгулле радкоў, Калi з зямлёй знiтуецца зямля, Мяне нагадвала. Твая любоў Няхай памрэ, калi пагасну я.

Не хочу я, каб да самотных слёз Людскi прысуд i горкi здзек прынёс.

72

Каб свет цябе не прымушаў сказаць, За што мяне любiла так сардэчна, Няхай твая не заблiшчыць сляза, Калi знайду я адпачынак вечны.

Не шмат чаго для памяцi людской Магла б знайсцi ў мяне пры ўсiм жаданнi, I мiмаволi дапаўняць маной Табе прыйшлося бы апавяданне.

Любоў тваю каб не заплямiць той Няпраўдай самых шчырых успамiнаў, Iмя маё няхай памрэ са мной, Няхай са мною ляжа ў дамавiну.

Каб не ўпiкнуў нiхто цябе затым, Што з памаўзой кахалася такiм.

73

Мяне раўняць ты можаш да часiны, Калi пажоўклы лiст адзiн за 'дным З галля таго, дзе хор звiнеў птушыны, Нясе свой жаль над полем нежывым.

Падобны я таксама да змяркання, Калi шарэе ў захадзе заход, Калi, як вобраз смерцi, ноч устане, А з ёю змрочных сценяў карагод.

Ва мне ты бачыш полымя згасанне Пад прыскам юных, перабытых дзён. I там, дзе меў нядаўна сiлкаванне, У шэры попел пераходзiць ён.

Зважай на ўсё, каб узмацнiць любоў, Пакуль апошнi час твой не прыйшоў.

74

Калi абвесцяць мне прысуд такi, Якi за ўсе на свеце найцяжэйшы, Хай будуць помнiкам маiм радкi Апошняга напiсанага верша.



18 из 38