
I вочы, што наўчылi пець нямога, А невукаў - узняцца у прастор, Мастацтва здольных збольшылi намнога, У крылле iм далi багата пёр.
А ўсё ж ты мусiш мною ганарыцца: Мае ўсе творы створаны з табой. Калi ў другiх твой вобраз прамянiцца, Дык у маiх - жыве з усёй красой.
I тое, што несамавiтасць пiша, Тваёй рукой узведзена на ўзвышша.
79
Пакуль адзiн я пiў з твае крынiцы, Зiхцелi вершы дзiўнай пекнатой. Але цяпер iм суджана зацьмiцца, А музе - месца саступiць другой.
Я згодзен: варты вартага i варты, Але што б iншы нi стварыў пясняр, Ён толькi аддае, што вiнаваты, Ён доўг дае, а не прыносiць дар.
Калi пачне тваю ён славiць цноту, Дык, значыцца, крадзе ў тваiх жа дзей. Красу ён славiць - зноў маленькi клопат: Прыносiць дар, якi ў цябе ж крадзе.
Не думай дзякаваць за "пахвалёны", Бо сам сабе заплацiш доўг ягоны.
80
Я спраняверыўся ў сабе зусiм, Калi падумаю, якi мастак Складае творы з iменем тваiм, Бо не магу зраўняцца з iм нiяк.
Твая душа - як мора шырынёй, На iм прастор для ўсякiх ветразей: I карабель iдзе сваёй хадой, I човен мой не менш рызыкаўней.
Ты толькi можаш зратаваць мяне, Бо човен мой - нядужы i стары. А той плыве бяспечна праз вiры, Таго нiяк пагiбель не кране.
Калi я згiну ўсё-ткi ў акiяне, Мая пагiбель праз каханне стане.
81
Хоць да мяне памрэш ты, хоць пазней, Калi ў зямлi мае сатлеюць косцi, Нiяк не згасне бляск тваiх вачэй, Твой вобраз чараўнiчай прыгажосцi.
Бяссмертным зробiцца тваё iмя, Калi навекi згiну я аднойчы. Звычайнай будзе могiлка мая, Красе тваёй - усе людскiя вочы.
Твой вечны помнiк - мой сардэчны верш, Для нашых дзён, для часу, што настане, Для тых людзей, з якiмi ты жывеш, Для тых, што прыйдуць пасля iх згасання.
Так, як дыханне з роду ў род iдзе, Ты будзеш жыць на вуснах у людзей.
82
Не заручоны з музаю маёй, Ты можаш быць паблажлiвым для тых, Што кожны твор табе прысвецiць свой, Благаславення просячы для кнiг.
