Каб славiць розум, прыгажосць тваю, Мой талент вельмi сцiплы i малы. А новы час, на сiлу ўсю сваю, Нясе табе багата пахвалы.

Але калi ад новых спевакоў Пачуеш красамоўны iх тандэт, Тады ацэнiш праўду шчырых слоў, Якiя даў ад сэрца друг-паэт.

Малюнкi iх - як нежывыя ўсе, А вобраз твой - радня самой красе.

83

Я думаў, што красе тваёй цудоўнай Нiякiх штучных не патрэбна фарб I што паэт наўдачу мерай роўнай Аддасць табе пазычаны iм скарб.

Таму i размаўляў я цераз зубы, Чакаючы, каб пекната сама, Устаўшы, свету давяла ўсяму бы, Што лепшай, чым твая, нiдзе няма.

Але за грэх маё маўчанне ўзята. Тым часам модныя ўсе песняры, Намераў добрых маючы багата, Цудоўны скарб хаваюць да пары.

Жыцця ў вачах ты маеш больш, чым гэта Маглi бы выказаць i ўдвух паэты.

84

I хто больш красамоўны? Той, якi, Абмежаваўшыся найбольшай хвалай, Сказаў, што ты - якраз, як сам, такi, Бо скарбу большага на свеце не бывала.

Той бедны верш, якi не дадае Пры апiсаннi слова цi другога. Затое збольшыць вартасцi свае, Хто скажа: "Ты падобны на самога!"

Калi праўдзiва апiсаць, як ёсць, Усё, што створана самой прыродай, Дзiвiцца будзе свет на прыгажосць, Здзiўленнем дасць паэту ўзнагароду.

Але i небяспека ёсць ва ўсiм: Каб не перахвалiлi разам з тым.

85

Прыцiхлi з музаю мы, як нямыя, Тым часам плойма модных песняроў, Пабраўшы ў рукi пёры залатыя, Да кучаравых прылягла радкоў.

Пакуль яны грымзоляць спрытна словы, Я думы думаю свае адзiн I, як дзячок да псалмаў адмысловых, Да гладкапiсаў дадаю: "Амiн!"

Пачуўшы хвалу, пасылаю кожнай: "Але!", "Папраўдзе, так!", "Во гэта - верш!" Хоць так пачуццi выказаць няможна, Любоў к табе я выкажу найлепш!

Цанi за пуставейнасць спевакоў, Мяне - за думкi цiхiя, без слоў.

86

Цiкава б знаць, паэзiяй сваёй, Што на ўсiх ветразях нясе iмкненнi, Спынiў ён лёт фантазii маёй I пахаваў у месцы нараджэння?

Цi самы ён, каго якiсьцi дух Вучыў ствараць пачварныя стварэннi.



21 из 38