13

Каб мог ты вечна быць самiм сабою! Але жывеш на свеце да пары. Пакуль це стане смерць перад табою, Сабе падобны вобраз ты ствары.

Краса табе аддадзена на раты, Але i вечнай можа стаць, калi Твой вобраз будзе новым пераняты I будзе красаваць з iм на зямлi.

Хто дасць, каб дом цудоўны быў зруйнован Цi сцюжай смерцi, цi лiхой зiмой? Гаспадаром руплiвым апiльнован, Устоiць ён перад навалай злой.

Ты бацьку меў. Дазволь другому, мiлы, Сказаць такое ж ля тваёй магiлы.

14

Нiколi я не варажыў на зорках, Хоць разумею iх спрадвечны шлях. Не папярэджу аб часiнах горкiх, Што нам прыносяць голад, войны, жах;

Не ведаю, цi навальнiца будзе, Цi будзе неба яснае без хмар, Цi будуць жыць шчаслiва ў свеце людзi, Цi шчаслiвейшым будзе уладар,

Але ў тваiх вачах чытаю ясна, У гэтых зорках вечнай чысцiнi, Што праўда з хараством тады не згасне, Калi потомкi ўдоўжаць твае днi.

Калi ж стварыць ты гэтага не ў сiле, Краса i праўда згiнуць у магiле.

15

Калi падумаю, што ўсё жывое Красуе на зямлi кароткi мiг, Што свет - тэатр, а мы, яго героi, Ад зор залежым на шляхах сваiх,

Калi падумаю, што людзi, як раслiны, Жывуць i гiнуць з ласкi неба ўсе, Што поўны сiл юнацкiя часiны, А сталасць адцвiтанне нам нясе,

Тады згадаю я аб тым мiжвольна, Як бродзiць нашай маладосцi сок I як знiшчальны час iдзе павольна, Каб дзень змянiць на шэры, хмуры змрок.

Я за цябе iду на час вайною, Каб аднавiць прышчэпкаю сваёю.

16

Чаму на час вайною сам не йдзеш ты I не змагаешся з тыранам сам? Мой верш слабая абарона, зрэшты, А што ж мацнейшае ад рыфмы дам?

Ты дасягнуў цяпер свайго узвышша, I колькi з радасцю далi б табе, Каб ты сады iх апрацоўваць выйшаў, Прыняў удзел у веснавой сяўбе.

Закрасавалi б там жывыя кветы I да цябе былi б падобны лепш, Чым самых лепшых мастакоў партрэты, Чым выдатнейшага паэта верш.

Сваiм мастацтвам створыш ты такое, Што будзе жыць i без цябе - табою.



4 из 38