
17
Паверыць хто ў наступным часе мне, Калi цябе ў сваiм праслаўлю вершы? Само жыццё схавана у труне, А верш цi можа за жыццё быць лепшым?
Каб я спрамог малюнак даць красы, Даць вобраз твой з усёю пекнатою, Наступны век сказаў бы: "Во хлусы! На небе можа толькi быць такое!"
I як смяялiся б тады яны З мяне i з аркуша рудой паперы. Для iх старыя ўсе - балбатуны, Якiя хлусяць без нiякай меры.
Але каб сын твой быў дасюль жывым, Ты б двойчы жыў: у вершы раз i ў iм.
18
Я з летнiм днём цябе не параўнаю, Мiлей, вышэй ты хараством сваiм. Суровы вецер крышыць кветкi мая, I лета борзда коцiцца за iм.
То з неба Вока палiць нас зацята, То знiкне так, што не вiдаць нiдзе. Прыгожага бывае малавата, Дзе выпадковасць нашы днi вядзе.
Тваё ж не зменiцца нiколi лета, I смерць не зможа пахвалiцца тым, Што ты забраны назусiм са свету: Знайшоў бяссмерце ў вершы ты маiм.
Ты будзеш жыць, аж покуль будуць людзi, I будуць вочы бачыць, дыхаць грудзi.
19
О час! Льву - прытупi ты кiпцюры, У тыгра злога - з пашчы iклы рвi, Прымусь зямлю глытаць свае дары I фенiкса спалi ў яго крывi;
Тасуй наш год, рабi што хочаш з iм, Круцi наш свет, як здумаеш калi, Адзiн злачын забараню пры тым, Злачын страшнейшы самы на зямлi.
Ты не чапай любiмага чала, Яго пяром старэцкiм не кранi, Каб, як узор, краса яго жыла На ўсе наступныя часы i днi.
Але калi ты ўсё ж ткi закранеш, Яго красу мой абаронiць верш!
20
Жаночы твар дала табе прырода, З больш дасканалай нават пекнатой. Мяне прывабiла твая урода, Ты пан i панi для душы маёй.
Пяшчотны погляд, шчыры i прыгожы, У пазлацiстасць апранае след. Мужчын ён вабiць сiлаю вяльможнай, Сардэчнасцю чаруе ён кабет.
Цябе прырода ладзiла жанчынай, Пасля адну драбнiчку дадала, Што не патрэбна мне нiякiм чынам, А для жанчын прывабнаю была.
Калi такая справа - мне любоў, А iм - як можна больш яе пладоў.
