
Хiтруны казалi:
- Але ж i добрая праца, можна зарабiць не менш за дзвесце-трыста манет.
Яшчэ праз два днi ўсе ведалi, што работу даручылi Сэлестэну Шамбрэляну, разьбяру з Першвiля. Пасля пайшла пагалоска, што ўсе царкоўныя лавы таксама будуць адноўлены. А гэта каштавала дзве тысячы франкаў, якiх папрасiлi ў мiнiстэрства. Народ хваляваўся.
Ад усяго Тэадзюль Сабо не спаў па начах. Нiколi на памяцi людзей нiводзiн мясцовы сталяр не рабiў гэтакай работы. Неўзабаве сталi шаптацца, што плябану не хочацца аддаваць работу майстру з iншай камуны, але ён усё ж не можа даручыць лавы Сабо за яго погляды.
Сабо даведаўся пра гэта. Шарай гадзiнай ён пашыбаваў у плябанiю. Пакаёўка адказала, што святар у царкве. Ён пайшоў туды.
Дзве манашкi - зброснелыя векавухi - пад кiраўнiцтвам плябана аздаблялi алтар, рыхтавалi яго да траўня, месяца Мацi Божай. Святар, выставiўшы вялiзны жывот, высiўся на хорах i кiраваў жанчынамi, якiя, стоячы на крэслах, раскладалi кветкi вакол дарахавальнiцы.
Сабо чуўся тут нiякавата, быццам трапiў да заклятага ворага, але прага спажывы цвялiла яго сэрца. З капялюшыкам у руцэ, не звяртаючы ўвагi на манашак, якiя ад здзiўлення разгублена аслупянелi на крэслах, ён падышоў i прамармытаў:
- Дзень добры, пан плябан.
Святар адказаў, не зiрнуўшы на яго, заняты алтаром:
- Дзень добры, пан сталяр.
Збянтэжаны Сабо не ведаў, што рабiць далей. Ён памаўчаў i ўсё ж сказаў:
- Рыхтуецеся?
Плябан Марыцiм азваўся:
- Ага, неўзабаве месяц Марыi.
Сабо кiўнуў: "Ага, ага" - i змоўк.
Яму ўжо захацелася павярнуцца i моўчкi пайсцi, але, зiрнуўшы на хоры, ён затрымаўся. Ён убачыў шаснаццаць нiш з разьблёнымi лавамi на замену - шэсць справа i восем злева, бо дзверы ў рызнiцу займалi два месцы. Шаснаццаць дубовых лаваў каштавалi за трыста франкаў, а калi б ён вельмi пастараўся, яму б пэўна заплацiлi яшчэ дзвесце за спраўную работу.
Ён загугнявiў:
