
- Мы розныя, - сказаў стары чалавек. - Я дазваляў табе несцi рыбацкае начынне, калi табе было пяць гадоў.
- Ведаю, - сказаў хлопчык. - Я мiгам. Вазьмi яшчэ адну каву. Тут нам даюць у крэдыт.
Ён пайшоў, босы, па каралавых скалах да лядоўнi, дзе хавалi прынады.
Стары чалавек павольна пiў каву. Ён ведаў, што яна яму неабходная, бо гэта ўсё, што ён мецьме за цэлы дзень. Ужо даўно спажыванне пасiлкаў стамляла яго, i ён нiколi не браў з сабою другога сняданку. Бутэлька вады на носе лодкi адзiнае, у чым ён адчуваў патрэбу на працягу дня.
Хлопчык вярнуўся з сардзiнамi i дзвюма прынадамi, загорнутымi ў газету, i яны спусцiлiся па сцежцы да лодкi, адчуваючы пад пятамi пясок з галькай. Прыўзняўшы лодку, яны папхнулi яе, i тая слiзганула ў ваду.
- Поўная карма, стары дружа!
- Поўная карма, - сказаў стары чалавек, прыладжваючы вяровачныя мацаваннi вёслаў да ўключын.
Лапаткi вёслаў урэзвалiся ў ваду, ён нахiлiўся наперад i стаў выплываць у цемры з гаванi. Iншыя лодкi з iншых месцаў таксама выпраўлялiся ў мора, i хоць стары чалавек не мог iх зараз бачыць, бо месяц апусцiўся нiжэй за ўзгорак, ён чуў, як увiхалiся вёслы.
Зрэдку хтосьцi абзываўся ў лодцы, аднак большасць з iх маўчала, калi не лiчыць гуку ад апускання вёслаў у ваду. Яны разбрылiся паасабоку пасля таго, як выйшлi з вусця гаванi, i кожная скiравалася ў тую частку акiяна, дзе гаспадар спадзяваўся знайсцi рыбу. Стары чалавек ведаў, што маецца плысцi вельмi далёка, i ён пакiнуў пах зямлi за сабой, вяслуючы ў чысты ранiшнi водар акiяна. Ён убачыў свячэнне Затоцкiх водарасцей* у вадзе, калi апынуўся ў той частцы акiяна, якую рыбакi завуць вялiкiм калодзежам з-за раптоўнай глыбiнi ў семсот марскiх сажняў.
* Род трапiчных водарасцей у Атлантычным акiяне.
У iм збiралася ўсялякая рыба, бо тут, сустрэўшы стромкiя сцены акiянскага дна, плынь утварала вiр. Тут была плойма шрымпаў* ды рознае драбязы для прынады, часам яны i касякi галаваногiх малюскаў з сама глыбокiх сховаў усплывалi на паверхню, i ўся вандраўная рыба кармiлася iмi.
