
Яму больш не снiлiся нi штормы, нi жанчыны, нi вялiкiя падзеi, нi вялiкая рыба, нi бойкi, нi спаборнiцтвы ў сiле, нi ягоная жонка. Цяпер ён снiў толькi мясцiны ды львоў на ўзбярэжжы. Сутоннем яны бавiлiся, што тыя кацяняты, i ён любiў iх, як любiў хлопчыка. Ён нiколi не снiў хлопчыка.
Стары чалавек прачнуўся, зiрнуў праз адчыненыя дзверы на месяц, раскруцiў i адзеў нагавiцы. Памачыўшыся за халупай, ён рушыў угару па дарозе будзiць хлопчыка. Ён дрыжаў ад ранiшняга холаду, але ведаў, што ўрэшце сагрэецца дый неўзабаве будзе веславаць.
Дзверы хацiны, дзе жыў хлопчык, былi незамкнутыя, ён адчынiў i цiха ступiў босымi нагамi. Месяц на зыходзе дазваляў яму добра бачыць хлопчыка, якi спаў на сваiм сцiплым ложку ў першым пакоi. Ён мякка абхапiў адну пяту i трымаў яе, пакуль хлопчык не прачнуўся i не зiрнуў на яго. Стары чалавек кiўнуў, i хлопчык, сеўшы на ложку, узяў з зэдлiка, што стаяў побач, штаны i нацягнуў iх на сябе.
За старым чалавекам услед з хацiны выйшаў хлопчык. Сон адольваў яго, i стары чалавек адной рукой абняў хлопчыка за плечы:
- Я вельмi шкадую.
- Que va, - сказаў хлопчык. - Такая мужчынская доля.
Яны крочылi дарогай да халупы старога чалавека, i скрозь па гэтай дарозе ў цемры iшлi босыя людзi, несучы мачты ад сваiх лодак.
У халупе хлопчык узяў кош са скруткамi шнуру, гарпун i бусак. Стары чалавек трымаў на плячы мачту з абгорнутым вакол яе ветразем.
- Ты не жадаеш выпiць кавы? - спытаўся хлопчык.
- Пакладзем снасцi ў лодку, тады пап'ём.
Яны пiлi каву з бляшанак з-пад згушчонага малака ў чыннай ад самага рання рыбацкай карчомцы.
- Як спаў, стары дружа? - спытаўся хлопчык. Ён ужо амаль пазбыўся сваёй санлiвасцi.
- Добра, Маналiн, - сказаў стары чалавек. - Сёння я чуюся няблага.
- Я таксама, - сказаў хлопчык. - Зараз я павiнен схадзiць па твае i па свае сардзiны, i па твае снежныя прынады. Мой рыбак сам бярэ нашыя снасцi. Ён нiколi не хоча, каб хто-кольвек iншы нёс што-небудзь.
