
Рыба плыла далей, як i дагэтуль, i ён плыў разам з ёю па цiхай вадзе. Iншыя прынады былi па-ранейшаму ў вадзе, але ён не мог нiчога зрабiць.
- Як шкада, што са мной няма хлопчыка, - услых сказаў стары чалавек. Рыба цягне мяне на буксiры, i я ж як той бiтэнг*. Можна было б прывязаць шнур да лодкi. Але ж марлiн мог бы парваць яго. Я з усiх сiл мушу ўтрымлiваць рыбiну i адпускаць шнур, калi гэта неабходна. Дзякуй Богу, што ён вандруе, а не шукае схову на глыбiнi. Што я буду рабiць, калi ён усё ж надумае рушыць углыб, я не ведаю. Што я буду рабiць, калi ён дасць нырца ды спусцiць дух, я не ведаю. Але зраблю нешта. Ёсць мноства рэчаў, якiя я магу зрабiць.
* Слуп на палубе судна для ўтрымання буксiрнага троса, якарнага каната i г.д.
Ён трымаў шнур, што аблягаў плечы, i сачыў за яго нахiлам у вадзе i за лодкай, тая спакойна плыла на паўночны захад.
"Гэта заб'е яго, - думаў стары чалавек. - Ён не зможа плысцi гэтак заўжды". Але мiнула чатыры гадзiны, а рыба плыла сабе, як i раней, у адкрытае мора i валакла за сабою лодку, а стары чалавек па-ранейшаму быў туга сцягнуты шнурам упоперак спiны.
- Я падчапiў яго на кручок апоўднi, - сказаў ён. - I я яго яшчэ не бачыў.
Ён надта рашуча ссунуў унiз свой саламяны капялюш перад тым, як зачапiў на кручок рыбiну, i цяпер той моцна муляў лоб. Смага мучыла таксама, i ён, апусцiўшыся на каленi, асцерагаючыся, каб незнарок не таргануць шнур, падабраўся, наколькi здолеў, да носа лодкi i адною рукою дацягнуўся да бутэлькi з вадой. Ён адаткнуў яе i крыху адпiў. Потым трохi адпачыў на носе. Ён аддыхваўся, седзячы на непастаўленай мачце са згорнутым ветразем, - толькi б вытрываць.
Потым ён паглядзеў цераз плячо назад i ўбачыў, што на даляглядзе не вiдаць сушы. "Не бяда, - падумаў ён. - Я заўсёды змагу прыплыць на водблiск агнёў Гаваны. Яшчэ дзве гадзiны да заходу сонца, i, мажлiва, рыба якраз выплыве. А не, дык тады, як узыдзе месяц. Калi ж не выплыве i тады, то, можа, на ўсходзе сонца. Здранцвеласцi няма, i я чуюся дужым. Гэта ў яго кручок у роце. Ну i рыба, як цягне шнур! Вiдаць, ён шчыльна зацiснуў дрот сваiм ротам*. Хацелася б на яго паглядзець адзiн раз, каб ведаць, з кiм я змагаюся".
