- Вось дык рыбiна, - сказаў ён. - Схапiла тунца, кручок якраз збоку ў ейным роце, ды iмкнецца з гэтым уцячы.

"Але марлiн павернецца i праглыне тунца", - падумаў ён. Ён не вымавiў гэтага, бо ведаў, што калi скажаш пра нешта добрае, яно можа не здарыцца. Ён разумеў, якая гэта вялiзная рыбiна, i нiбыта бачыў, як яна iмкне ў цемры з тунцом упоперак рота. У гэты мiг ён адзначыў, што марлiн спынiўся, але, як i раней, стары чалавек адчуваў ягоную вагу. Пасля цяжар павялiчыўся, i ён папусцiў шнур. На нейкi момант ён мацней сцiснуў яго вялiкiм i ўказальным пальцамi, i цяжар яшчэ пабольшаў ды пацягнуў шнур унiз.

- Ён узяў тунца, - сказаў стары чалавек. - Цяпер я дам яму як след наесцiся.

Шнур, выслабаняючыся, слiзгаў памiж ягонымi пальцамi, а тым часам ён, працягнуўшы ўнiз левую руку, прымацаваў вольны канец двух запасных маткоў да пятлi пары маткоў наступнага шнура. Зараз ён быў гатовы. Ён меў у запасе тры маткi шнура па сорак сажняў даўжынёю апроч таго, якi ён выкарыстоўваў.

- З'еш трохi больш, - сказаў ён. - Паеш напоўнiцу. Паеш гэтак, каб вастрыё кручка трапiла табе ў сэрца i забiла цябе. Усплывi добранька на паверхню, каб я ўсадзiў у цябе гарпун. Так. Ты гатовы? Ты дастаткова доўга быў ля стала? Пара! - гучна вымавiў ён ды, моцна тузануўшы абедзвюма рукамi за шнур, падоўжыў яго на ярд, а тады падсякаў яшчэ i яшчэ раз, тузаючы шнур напераменку кожнай рукой з усёй сiлаю рук i цела з ягонаю вагою.

Нiчога не адбылося. Рыба спавольна плыла сабе, i стары чалавек нi на цалю не мог яе ўзняць. Ён цягнуў цераз плечы моцны, прызначаны для цяжкой рыбiны шнур, ажно той напяўся гэтак, што пацеркi вады адскоквалi ад яго. Потым шнур стаў пацiху як бы сычэць у вадзе, а ён па-ранейшаму трымаў яго, упiраючыся ў лаўку, не нахiляючыся назад. Лодка пачала паволi iсцi ў кiрунку паўночнага захаду.



21 из 71