- Гэта - добрыя iстоты, - сказаў ён. - Яны гуляюць i жартуюць, i займаюцца любошчамi. Яны нашыя браты, як лятучыя рыбы.

Потым ён стаў шкадаваць вялiкую рыбу, што зачапiлася на кручок. "Цудоўны i дзiўны марлiн, i хто ведае, колькi яму гадоў - думаў ён. - Нiколi не траплялася мне такая дужая рыбiна, i нiводная не паводзiла сябе гэткiм дзiўным чынам. Магчыма, ён занадта мудры, каб скакаць. Ён мог бы знiшчыць мяне скокамi або калi б уцякаў як шалёны. Але, магчыма, ён трапляў на кручок шмат разоў да гэтага i ведае, што яму трэба змагацца якраз так. Ён не падазрае, што супраць яго ўсяго адзiн чалавек, ды i той стары. Але якая гэта вялiзная рыбiна, i колькi грошай дадуць за яе на рынку, калi мяса добрае. Ён схапiў прынаду, як хапае самец, i ён цягне шнур, як самец, i ў ягоным змаганнi няма нi знаку панiкi. Хацеў бы я ведаць, ёсць у яго нейкiя планы цi ён у такой жа роспачы, што i я?"

Ён памятаў, як аднойчы зачапiў на кручок аднаго з пары марлiнаў. Рыба-самец заўсёды дазваляе самцы жывiцца першай, i самка, ахопленая панiкай, усчала дзiкае адчайнае змаганне, якое хутка знясiлiла яе, i ўвесь час самец заставаўся з ёю, перасякаючы ў лёце шнур i кружачы з ёю на паверхнi. Марлiн быў гэтак блiзка, што стары чалавек непакоiўся, каб той не перарэзаў шнур хвастом, вострым, як каса, i амаль гэткага памеру i формы. Калi стары чалавек ударыў яе бусаком, а потым збабоўчыў палкай, трымаючы за падобную на рапiру дзюбу з шорсткiм, як наждак, краем i б'ючы па версе галавы, пакуль самчын колер не стаўся амаль такi, як адваротны бок люстра, i потым, з хлопчыкавай дапамогай, падняў яе на борт, самец не адлучаўся ад лодкi.



24 из 71