
- Шкада, што тут няма хлопчыка, - сказаў ён уголас, прыхiлiўшыся да закругленых дошак носа лодкi, i адчуў напругу шнура на плячах, моц вялiзнай рыбiны, што кiравала той пуцявiнай, якую выбрала. "Бо аднаго разу, дзякуючы маёй падступнасцi, яму было неабходна зрабiць выбар", - падумаў стары чалавек.
Яму належала б заставацца ў глыбокiх цёмных водах, недаступным для ўсiх пастак, сiлкоў i падманаў. А што да мяне, то я мусiў дабрацца сюды i адшукаць яго, i ў гэтым пераўзысцi ўсiх людзей. Усiх людзей на зямлi. Цяпер мы злучаныя разам, былi такiя ўжо ад паўдня. I анiхто не здольны дапамагчы нiводнаму з нас.
"Мажлiва, не варта было мне iсцi ў рыбакi, - падумаў ён. - Але дзеля гэтага я нарадзiўся. Я абавязкова павiнен з'есцi тунца, калi развiднее".
Незадоўга да свiтанку штосьцi схапiла адну з прынад, што былi ззаду за iм. Ён пачуў, як трэснуў, зламаўшыся, прут, i шнур пачаў выслiзгваць цераз планшыр лодкi. У цемрадзi ён выслабанiў нож з похвы i, прымаючы ўсю напругу на левае плячо, нахiлiўся назад ды перарэзаў шнур на планшыры. Тады ён перацяў шнур, што быў найблiжэй да яго, i ў цемры звязаў вольныя канцы запасных маткоў. Ён дбала працаваў адною рукою, туга завязваючы вузлы, прыцiснуўшы маткi нагой. Зараз ён меў шэсць запасных маткоў шнура. Два - дзе былi прынады, - што ён перарэзаў, ды два з прынадай, на якую клюнула рыбiна, i ўсе яны былi злучаны.
"Пасля таго як развiднее, - падумаў ён, - я дабяруся назад да прынады, што закiнута на саракасажневую глыбiню, i перарэжу той шнур таксама ды злучу з запаснымi маткамi.
