
* Шнур (гiшп.).
** Меч-рыба.
Услых ён сказаў:
- Як я хацеў бы, каб тут быў са мной хлопчык.
Але хлопчыка няма. Ты маеш адно сябе самога, i было б найлепей, каб ты зараз папоўз назад, туды, дзе апошнi шнур, цёмна цяпер цi не цёмна, перацяў той i злучыў з двума запаснымi маткамi.
Ён так i зрабiў. Гэта было няпроста ў цемрадзi, i рыба адзiн раз так рэзка тузанула, што ён упаў i паранiў твар пад вокам. Струменьчык крывi пацёк быў па шчацэ, але згаснуў, засох, не дайшоў да падбародка, i стары чалавек дабраўся назад на нос лодкi i адпачыў там, прысланiўшыся да борта. Ён паправiў мяшок i асцярожна перасунуў шнур на другое месца на плячах, злёгку пашморгаўшы iм, каб уведаць як цягне рыба, а пасля сунуў руку ў ваду: цi хутка рухаецца лодка?
"Цiкава, чаму марлiн так рэзка рвануўся? Вiдаць, дрот слiзгануў па ягонай гарбатай спiне. Вядома, яму не можа быць гэтак блага, як маёй спiне. Але ж не будзе ён цягнуць лодку вечна, якi б вялiзны нi быў. Цяпер усё, што магло спрычынiць клопат, прыбрана з дарогi, i я маю вялiкi запас шнура, а што мне яшчэ трэба?"
- Рыба, - лагодна вымавiў ён услых, - я застануся з табою аж да майго канца.
"I марлiн застанецца са мною, так я мяркую, - падумаў ён, чакаючы, калi ж развiднее. Было холадна цяпер перад свiтаннем, i стары чалавек шчыльней прыцiснуўся да борта, каб неяк сагрэцца. - Я здольны трываць не менш часу за яго", - падумаў ён. I калi крыху заднелася, ён убачыў, як туга напяты шнур iдзе ў ваду. Лодка плыла сабе далей, а першы краёчак сонца ўпаў на правае плячо старога чалавека.
