- Колькi гадоў табе? - Стары чалавек спытаўся ў птушкi. - Гэта твая першая вандроўка?

Птушка глянула на яго. Яна была занадта зняможаная нават для таго, каб упэўнiцца, цi трывалы шнур, i зыбалася на iм, моцна ўхапiўшыся за яго сваiмi далiкатнымi лапкамi.

- Ён тугi, - сказаў ёй стары чалавек. - Аж занадта. Нягожа быць такой стомленай пасля бязветранай начы. Што гэта сталася з птушкамi?

"Ястрабы, - падумаў ён, - тыя кiруюць у адкрытае мора наперарэз вам". Але ён нiчога не сказаў пра тое птушцы, якая ўсё адно не змагла б зразумець яго, ды i сама досыць хутка даведаецца пра ястрабаў.

- Адпачнi як след, пташка, - сказаў ён. - А потым ляцi i выкарыстай свой шанц, як любы чалавек, альбо птах, альбо i рыба.

Яму рупiла размаўляць, бо спiна яго скалела ўночы i зараз сапраўды балела.

- Заставайся пакуль у маёй хаце, птушка, калi хочаш, - сказаў ён. - Шкода, што я не магу ўзняць ветразь i ўзяць цябе з сабою, цяпер, калi пачынае дзьмуць лёгкi брыз. Бо я тутака з сябрам.

Якраз тады рыбiна раптоўна рванулася, i стары чалавек звалiўся з ног на нос лодкi i мог бы ўпасцi ў ваду, калi б не ўпёрся ў яго рукамi i не адпусцiў шнур.

Птушка паляцела, калi шнур таргануўся, стары чалавек нават не бачыў, як яна пырхнула. Ён пiльна абмацаў шнур праваю рукою i заўважыў, што з яе цячэ кроў.

- Значыцца, яго там чапiла, - сказаў ён уголас ды тузануў шнур iзноў: цi не ўдасца павярнуць марлiна ў iншы бок? Але калi адчуў, што шнур напяты да мяжы трываласцi, больш не цягнуў, трымаючы яго ў такiм стане.

- Блага цяпер табе, рыба, - сказаў ён. - I мне, ведае Бог, таксама.

Ён азiрнуўся, каб убачыць птушку, бо цяпер быў бы рады такому кампан'ёну. Але птушкi не было.

"Доўга ты тут не затрымалася, - падумаў чалавек. - Але табе будзе цяжэй там, куды ты ляцiш, пакуль не дасягнеш берага. I як гэта я дазволiў рыбiне зрэзаць мяне адным хуткiм рухам? Я, вiдаць, тупею. А можа, я пазiраў на птушачку ды разважаў пра яе. Цяпер буду звяртаць увагу толькi на сваю работу, i яшчэ я мушу з'есцi тунца, каб потым не бракавала моцы".



28 из 71