
- Як хацеў бы я, каб хлопчык быў тут i каб я меў трохi солi, - сказаў ён уголас.
Перасунуўшы цяжар шнура на левае плячо i асцярожна ўкленчыўшы, ён абмыў руку ў акiяне i трымаў яе, апушчаную ў ваду, больш за хвiлiну, назiраючы, як цягнецца, знiкае крывавы струменьчык i плынь раўнамерна абцякае яе. Лодка ж кiравалася далей.
- Ён замарудзiў свой рух, - сказаў стары чалавек.
Ён яшчэ не выймаў бы руку з салёнай вады, але баяўся, што рыба зноўку тузане, таму ён падняўся, моцна стаў на ногi i, узняўшы руку, патрымаў яе на сонцы. Гэта шнур пекануў па ёй. Рана была якраз у рабочай частцы рукi. Ён ведаў: рукi яшчэ спатрэбяцца, i яму зусiм не хацелася быць параненым да пачатку змагання.
- А цяпер, - сказаў ён, калi яго рука высахла, - я павiнен з'есцi невялiчкага тунца. Я магу дацягнуцца да яго бусаком i паесцi тут, у камфорце.
Ён стаў на каленi, намацаў бусаком тунца пад кармой i працягнуў да сябе, стараючыся не зачапiць скруткi шнуроў.
Трымаючы шнур левым плячом iзноў i абапiраючыся левай жа рукою аб дошкi борта, ён зняў тунца з кручка бусака, а бусак паклаў на ранейшае месца. Ён прыцiснуў рыбу адным каленам i стаў нарэзваць вузкiя кавалкi цёмна-чырвонага мяса ўдоўж ад патылiцы да хваста. Гэта былi клiнаватыя кавалкi, i ён наразаў iх, пачаўшы ад хрыбта аж да краю жывата. Ён адрэзаў шэсць скрылiкаў i расклаў на носе лодкi, выцер нож аб штаны, падняў банiтаў шкiлет за хвост ды шпурнуў за борт.
- Вiдаць, я не з'ем цэлы кавалак, - сказаў ён i паласнуў упоперак аднаго. Ён адчуваў усё тую ж напругу шнура, а левую руку звяло. Яна здранцвела сцiскала цяжкi шнур, i ён з прыкрасцю глянуў на яе.
- Што гэта за рука, - сказаў ён. - Скурчвайся сабе, калi хочаш. Або вазьмi ды зрабiся кiпцюром. I хiтрыкi табе не дапамогуць.
