
- Колькi гадоў было мне, калi ты ўпершыню ўзяў мяне на лодку?
- Пяць, i ты ледзь застаўся жывы, калi я ўцягнуў занадта наравiстую рыбу, i тая магла ўшчэнт разбiць лодку. Цi памятаеш ты?
- Я памятаю, як пляскала i грукала хвастом рыбiна i як трэснула, зламаўшыся, лаўка, i стук дубiнкi. Памятаю, як ты шпурнуў мяне на нос, дзе ляжалi мокрыя зматаныя шнуры, i ўся лодка дрыжала, а ты бамберыў рыбiну, i гук быў такi, як быццам ты ссякаў дрэва, а навакол мяне быў салодкi пах крывi.
- Ты сапраўды памятаеш, цi я табе гэта расказваў?
- Я памятаю ўсё з таго самага часу, як мы ўпершыню разам пайшлi ў мора.
Стары чалавек зiрнуў на яго абпаленымi сонцам, поўнымi даверу i любасцi вачыма.
- Калi б ты быў маiм, хлопчык, я ўзяў бы цябе ў мора, рызыкнуў бы, сказаў ён. - Але ты - бацькаў i матчын сын, i ты на шчаслiвай лодцы.
- Цi магу я налавiць табе сардзiн? I я ведаю, дзе можна дастаць чатыры прынады.
- У мяне яшчэ сённяшнiя засталiся. Я паклаў iх у скрынку з соллю.
- Дазволь мне дадаць чатыры свежыя.
- Адну, - сказаў стары чалавек. Вера i надзея нiколi не пакiдала яго. Але цяпер як быццам ветрык атулiў iх сваiм павевам.
- Дзве, - сказаў хлопчык.
- Дзве дык дзве, - пагадзiўся стары чалавек. - Ты iх не свiснуў?
- Бывала i такое, - сказаў хлопчык. - Але гэтыя купiў.
- Дзякуй, - сказаў стары чалавек. Ён быў занадта просты, каб дзiвiцца: калi да яго прыйшла пакора? Але ён ведаў, што яна прыйшла, i ведаў, што ў ёй няма ганьбы i яна не прычынiла анiякай страты праўдзiвай гордасцi.
- З гэткай плынню заўтра маецца быць неблагi дзень, - сказаў ён.
- Куды ты рушыш лавiць? - спытаўся хлопчык.
- Як найдалей, а вярнуся, калi пераменiцца вецер. Хачу выйсцi давiдна.
- Я пастараюся зрабiць так, каб мой рыбак таксама лавiў далёка, - сказаў хлопчык. - Калi ты зачэпiш на кручок нешта сапраўды буйнае, мы зможам прыйсцi табе на дапамогу.
