
- Ён не любiць працаваць занадта далёка.
- Не любiць, - згадзiўся хлопчык. - Але я ўбачу гэткае, чаго ён не можа ўбачыць: да прыкладу, птушку, што лётае над вадой, каб падабрацца да рыбiны, i выпраўлю яго ў пагоню за дэльфiнам.
- Ён так кепска бачыць?
- Амаль сляпы.
- Дзiўна, - заўважыў стары чалавек. - Ён нiколi не лавiў чарапах, а якраз гэта псуе вочы.
- Але ж ты не год, не два лавiў чарапах каля Маскiтавага берага*, але зрок у цябе добры.
* Вузкая паласа зямлi на ўсходзе Нiкарагуа.
- Я - дзiўны стары чалавек.
- Але цi дастаткова ў цябе цяпер сiлы, каб справiцца з сапраўды буйнай рыбай?
- Думаю, што так. I, апроч таго, ёсць розныя хiтрыкi.
- Давай занясем прычындалле дадому, - сказаў хлопчык. - Тады я вазьму сетку i пайду па сардзiны.
Яны сабралi ледзь не ўсе снасцi. Стары чалавек нёс мачту на сваiм плячы, а хлопчык нёс драўляную скрынку з туга скручанымi карычневымi шнурамi, бусак i гарпун са стралой. Скрынка з прынадамi заставалася пад кармой лодкi разам з дубiнкай, якую ўжывалi, каб аглушыць рыбу, калi тую падцягвалi сеткай да борта.
Нiхто не краў у старога чалавека, але не шкодзiла забраць ветразь i цяжкiя шнуры дадому, бо ад расы яны маглi адсырэць, i хоць стары чалавек пэўна ведаў, што нiхто з тутэйшых людзей не паквапiцца на яго маёмасць, бусак i гарпун былi б непатрэбнай спакусай у лодцы.
Яны разам узнялiся па дарозе да халупы старога чалавека i ўвайшлi ў яе праз адчыненыя дзверы. Стары чалавек прыставiў мачту разам з абкручаным вакол яе ветразем да сцяны, хлопчык паклаў скрынку да iншае начынне ля яе. Мачта была ў даўжыню амаль гэткая, як адзiн пакой халупы. У халупе, зробленай з моцных прылiсткаў каралеўскай пальмы, што завуцца guапо, мелiся: ложак, стол, адно крэсла i на земляной падлозе месца для гатавання на драўнiнным вугалi. На карычневых сценах з разгладжаных лiстоў трывалага валакнiстага guапо, якiя перакрывалi адзiн аднаго, вiсела каляровая карцiнка з Найсвяцейшым Сэрцам Гасподнiм ды яшчэ адна з Кабрэнскай Мацi Божай. Яны засталiся ад ягонай жонкi. Раней тут на сцяне была i падмаляваная жончына фатаграфiя, але надта журботна яму рабiлася, калi ён глядзеў на яе, i тая зараз ляжала на палiцы пад ягонай чыстай кашуляй.
