Ён пачаў чытаць малiтвы. Часам так стамляўся, што не ўспамiналiся словы, i тады ён стаў чытаць як найхутчэй, каб словы прыходзiлi аўтаматычна. "Анёльскае прывiтанне" лягчэй казаць, як "Ойча наш", - падумаў ён.

- Вiтай, Марыя, поўная ласкi, Госпад з табою, блаславёная ты мiж жанчынамi i блаславёны плод улоння твайго - Езус. Святая Марыя, Мацi Божая, малiся за нас грэшных цяпер i ў хвiлiну смерцi нашай. Амiн. - I ён дадаў: - Блаславёная Панна, малiся, каб гэты марлiн навярнуў галавой. Хоць ён i цудоўны.

Прачытаўшы малiтвы i чуючыся нашмат лепей, але пакутуючы па-ранейшаму, а мо i трохi болей, ён прыхiнуўся да носа лодкi i стаў разварушваць пальцы левай рукi.

Сонца прыпякала, хоць i пачаў дзьмуць лагодны ветрык.

- Варта было б зноў начапiць рыбку ды закiнуць з кармы той малы шнур, сказаў ён. - Калi рыба захоча заставацца ў моры i наступную ноч, мне спатрэбiцца нешта есцi. Вады i то засталося на дне бутэлькi. Не думаю, што мне ўдасца злавiць тут штосьцi, апроч дэльфiна. Але свежы i ён прыймальны. Добра было б, каб лятучая рыба завiтала на борт уначы. Але ж у мяне няма жаднага святла, што вабiла б iх сюды. Лятучая рыба выдатная на смак сырая, i мне не трэба будзе разрэзваць яе на кавалкi. Я мушу ашчаджаць усе свае сiлы. Хрысце, я не ведаў, што ён гэткi вялiзны.

- I ўсё ж ты спусцiш дух, - сказаў стары чалавек. - Ва ўсёй сваёй велiчы i бляску.

"Хоць гэта i несправядлiва, - падумаў ён. - Але я пакажу яму, на што здатны чалавек i што чалавек можа вытрываць".

- Я гаварыў хлопчыку, што я незвычайны чалавек, - сказаў ён. - Зараз я павiнен гэта даказаць.

Не мела значэння, што ён даказваў такое сцвярджэнне тысячу разоў. Цяпер ён даказвае iзноў. Кожны раз быў новым разам, i, даказваючы, ён нiколi не думаў пра мiнулае.

"Як добра было б, каб ён заснуў i каб я мог заснуць i снiць пра львоў, падумаў стары чалавек. - Чаму менавiта яны, iльвы, заселi ў маёй памяцi? Не разважай, старэча, - сказаў ён сабе. - Давай, прыхiнiся да борта i нi пра што не думай. Ён працуе. А ты асаблiва не намагайся".



34 из 71