
Стары чалавек бачыў шмат велiзарных рыбiн. Гэткiх, што важылi больш за тысячу фунтаў, i за сваё жыццё злавiў дзвюх такога памеру, але не адзiн. А зараз адзiн - i на даляглядзе не вiдаць сушы - ён быў прывязаны да найвялiкшай рыбы, якую калi-небудзь бачыў, большай за тыя, пра якiх чуў, i сцятыя пальцы на ягонай левай руцэ былi па-ранейшаму як сцiснутыя арлiныя кiпцюры.
"Але рука разагнецца, - падумаў ён. - Ну, так, яна разагнецца, каб дапамагчы правай руцэ. Гэта тры браты: рыба i абедзве мае рукi. Яна павiнна разагнуцца. Не надта годна з яе боку быць здранцвелай". Рыба iзноў запаволiла свой рух i плыла са звыклай хуткасцю.
"Хацеў бы я ведаць, чаго ён вынырнуў, - падумаў стары чалавек. - Цi не дзеля таго, каб паказаць мне, якi ён вялiкi. Зараз я ведаю хоць гэта, падумаў ён. - Я хацеў бы паказаць яму, што за чалавек я. Але ж ён убачыў бы скручаную руку. Няхай ён думае, што я магутнейшы, чым ёсць, i такi я i буду. Калi б я быў рыбай, - падумаў стары чалавек, - хай бы ён меў усё, што мае, супроць адной маёй волi ды майго розуму".
Ён зручна ўладкаваўся, адчуваючы трываласць борта, i, здавалася, без вялiкiх высiлкаў пераносiў цяжкасцi, i рыба звыкла плыла сабе, i лодка паволi кiравалася па цёмнай вадзе. Вятрыска, якi прыйшоў з усходу, прынёс з сабой невялiкае хваляванне, апоўднi левая рука старога чалавека ажыла.
- Благая навiна для цябе, рыба, - сказаў ён i пасунуў шнур на мяшку, што акрываў ягоныя плечы.
Уладзiўшыся як найямчэй, ён усё ж пакутаваў, хоць не прызнаваўся ў тым нават самому сабе.
- Я не набожны, - вымавiў ён. - Але я прачытаю дзесяць "Ойчаў нашых" i дзесяць "Анёльскiх прывiтанняў", каб злавiць гэтую рыбу, i я абяцаю зрабiць пiлiгрымку да Кабрэнскай Божай Мацi, калi злаўлю. Вось маё абяцанне.
