
"Вiдочна, у самалёце дужа нязвыкла, - падумаў стары чалавек. - Цiкава, як выглядае мора з такое высi? Яны павiнны добра бачыць рыбу, калi лётаюць не занадта высока. Я хацеў бы лётаць вельмi павольна на вышынi двухсот сажняў i выглядаць рыбу згары. Калi я хадзiў у мора лавiць чарапах, то забiраўся на салiнг на вяршыню мачты i нават з той вышынi бачыў нямала. Дэльфiны адтуль зелянейшыя, i ты можаш бачыць iхнiя палосы i фiялетавыя плямы, i можаш бачыць увесь касяк, як яны плаваюць. Чаму гэта так, што ўсе борздыя рыбы з цёмных глыбiняў маюць фiялетавыя спiны i, зазвычай, фiялетавыя палосы або плямы? Дэльфiн толькi здаецца зялёным, а ў сапраўднасцi ён залацiсты. Але калi ён прыходзiць кармiцца, добра прагаладаўшыся, фiялетавыя палосы паказваюцца ў яго на баках, як у марлiна. Цi гэта ад злосцi, цi ад большай хуткасцi яны выступаюць?"
Якраз перад тым, як сталася цёмна, а стары чалавек мiнаў вялiзную выспу саргасавых водарасцей, што ўздымалiся i калыхалiся ў светлым моры, як быццам акiян мiлаваўся з некiм пад жоўтаю коўдраю, невялiчкi шнур ухапiў дэльфiн. Ён убачыў яго, калi той скочыў у паветра, сапраўды залаты ў апошнiм праменнi сонца, выгiнаючыся i шалёна матляючы плаўнiкамi ў паветры. Дэльфiн скочыў яшчэ раз, дэманструючы акрабатыку страху, i стары чалавек прабраўся назад на карму i, скурчыўшыся, трымаючы вялiкi шнур ўсёю праваю рукою, цягнуў дэльфiна леваю, наступаючы на штораз даўжэйшы шнур голаю леваю нагою. Калi рыба была ля самай кармы, вар'юючы, кiдаючыся з боку ў бок, стары чалавек перагнуўся цераз карму, уцягнуў яе, зiхотка-залатую, з фiялетавымi плямамi, у лодку. Ейныя скiвiцы сутаргава працавалi, яна кусала i кусала кручок, малоцячы дно чоўна доўгiм пляскатым целам, хвастом i галавою, пакуль ён не агрэў яе па зiхатлiвай залатой галаве i пакуль яна не ўздрыгнула i не супакоiлася.
Стары чалавек зняў з кручка рыбу, насадзiў на яго другую сардзiну i закiнуў шнур. Пасля ён паволi стаў прабiрацца назад на нос. Ён памыў левую руку i выцер яе аб нагавiцы. Пасля пераклаў цяжкi шнур з правай рукi ў левую i памыў правую руку ў вадзе, назiраючы, як сонца апускалася ў акiян i з якiм нахiлам цягнуўся вялiкi шнур.
