
- Ён плыве, як плыў, - сказаў стары чалавек. Але паназiраўшы, як вада абцякае руку, заўважыў: рух лодкi стаў куды павольнейшы.
- Я звяжу два вёслы разам, упоперак кармы, i гэта замарудзiць вандроўку ўночы, - сказаў ён. - I яму, i мне пара адпачыць.
"Разумней будзе растрыбушыць дэльфiна трошкi пазней, каб зберагчы кроў у мясе, - падумаў ён. - Зраблю гэта пазней i тады ж звяжу вёслы, для тармажэння. Няхай марлiн цешыцца спакоем, не варта яго асаблiва турбаваць на заходзе. Заход сонца цяжкая часiна для рыб".
Ён высушыў руку, трымаючы яе ў паветры, пасля ўхапiў ёю шнур i, расслабiўшыся як мог, даў падцягнуць сябе наперад да борта, гэтак, што на саму лодку прыпадала цяпер напругi не менш, калi не болей, як на яго.
"Я вучуся як спраўляцца з такiм клопатам, - падумаў ён. - Прынамсi, з гэтай часткай работы. I не забудзься яшчэ, што ён не еў з таго часу, як узяў прынаду, i што ён вялiзны i яму трэба шмат ежы. А я з'еў цэлага банiта. Заўтра прымуся за дэльфiна. Ён зваў яго dоradо. Мажлiва, пакаштую ўжо тады, калi буду чысцiць. Яго куды цяжэй есцi, як банiта. Але ж лёгкага нiчога няма".
- Як пачуваешся, рыба? - спытаўся ён уголас. - Я добра пачуваюся, i мая левая рука паздаравела, i я маю запас ежы на ноч i на дзень. Так што цягнi лодку, рыба.
Ён не чуўся напраўду добра, боль ад шнура, якi ўядаўся ў спiну, ужо быў не проста боль - ён нерайшоў у тупую ламоту, якой ён пабойваўся. "Але са мной здаралiся горшыя рэчы, - думаў ён. - Мая рука толькi трошкi парэзаная, а другая ўжо не здранцвелая. Ногi мае ў парадку. Апроч таго, цяпер у мяне ёсць перавага: я маю правiзiю".
Ужо сцямнела, у вераснi па заходзе сонца цямнее хутка. Ён ляжаў, прыхiнуўшыся да шэрых абшарпаных дошак лодкi, адпачываючы ад усёй сваёй стомы. Загарэлiся першыя зоркi. Яму была невядома назва зоркi Рыгель, але ён бачыў яе i ведаў, што неўзабаве выйдуць i астатнiя, i ён будзе з усiмi сваiмi далёкiмi сябрамi.
